Пуцявінамі беларускага пісьменства
Рэдакцыя часопіса “Роднае слова” і філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта абвяшчаюць конкурс эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства”, прысвечаны Году гістарычнай памяці. Конкурс скіраваны на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы, прафесійнае самавызначэнне і развіццё творчых здольнасцей школьнікаў. Да ўдзелу запрашаюцца навучэнцы Х–ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Конкурс пройдзе з 1 лютага да 8 красавіка 2022 г. у завочна-вочным фармаце.
На конкурс прымаюцца аповеды:
• пра знакавыя помнікі старажытнага беларускага пісьменства;
• пра ўражанні ад знаёмства з жыццём і дзейнасцю беларускіх першадрукароў і асветнікаў, аўтараў першых выданняў паэзіі і прозы ХІХ – пачатку ХХ ст.;
• пра сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі;
• пра наведванне выстаў і кніжных экспазіцый і інш.
Тэрмін прыёму эсэ: з 1 лютага да 31 сакавіка 2022 г.
Падвядзенне вынікаў: 8 красавіка 2022 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (г. Мінск, вул. К. Маркса, 31). Канкурсанты змогуць паўдзельнічаць у вочным трэнінгу па беларускай мове і літаратуры, віктарыне “Філалогія і Я” і атрымаюць сертыфікаты.
Аўтары найлепшых прац і пераможцы віктарыны “Філалогія і Я” будуць адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі арганізатараў.
Заяўкі на ўдзел у конкурсе і эсэ дасылаюцца на электронны адрас: konkurs@rod-slova.by.
Больш падрабязна пра ўмовы правядзення конкурсу чытайце ў палажэнні на сайце часопіса.
Запрашаем юных знаўцаў беларускага слова да ўдзелу!