ПАЛАЖЭННE аб конкурсе эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства”
- 24 стдзеня 2022 13:46:46
ПАЛАЖЭННE
аб конкурсе эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства”
I. Агульныя палажэнні.
Конкурс эсэ “Пуцявінамі беларускага пісьменства” (далей – конкурс), прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, праводзіцца па ініцыятыве навукова-метадычнага часопіса “Роднае слова” і філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (далей – арганізатары). Конкурс скіраваны на далучэнне школьнікаў (далей – канкурсанты) да гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі; на папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы; прафесійнае самавызначэнне і развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў.
1.1. Задачы конкурсу:
- пашырэнне ўвагі да гістарычнай спадчыны і культуры Беларусі;
- прафарыентацыйная падтрымка вучнёўскай моладзі ў выбары профілю навучання і сферы будучай прафесійнай дзейнасці;
- выяўленне і заахвочванне таленавітых школьнікаў, фарміраванне матывацыі да актыўнай творчай дзейнасці.
1.2. Тэрміны правядзення конкурсу:
пачатак конкурсу – 1 лютага 2022 года;
заканчэнне прыёму эсэ – 31 сакавіка 2022 года;
падвядзенне вынікаў – 8 красавіка 2022 года.
ІІ. Удзельнікі конкурсу і ўмовы ўдзелу.
2.1. Удзельнікамі конкурсу могуць быць навучэнцы Х–ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы на конкурс дасылаюць самі ўдзельнікі або педагогі-кіраўнікі.
2.2. На конкурс прымаюцца раней не друкаваныя творчыя работы ў жанры эсэ, прысвечаныя:
- знакавым помнікам старажытнага беларускага пісьменства;
- уражанням ад знаёмства з жыццём і дзейнасцю беларускіх першадрукароў і асветнікаў, аўтараў першых выданняў паэзіі і прозы ХІХ – пачатку ХХ ст.;
- сустрэчам з пісьменнікамі-землякамі;
- наведванню выстаў і кніжных экспазіцый і інш.
Мова эсэ – беларуская. Аб’ём твора не павінен перавышаць 4 старонак друкаванага тэксту, або 8 тыс. друкаваных сімвалаў (з прабеламі).
2.3. Пажадана, каб тэкст эсэ быў надрукаваны ў тэкставым рэдактары MSWord. Шрыфт Times New Roman, 14 кегль, інтэрвал 1,5. Параметры старонкі: справа – 10 мм, злева – 30 мм, зверху і знізу – па 20 мм.
2.4. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна падаць заяўку з наступнымі звесткамі:
- прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара (поўнасцю);
- назва эсэ;
- хатні адрас, электронны адрас, нумары тэлефонаў (хатні, мабільны) аўтара;
- назва навучальнай установы, клас, паштовы адрас, электронны адрас і тэлефон установы адукацыі;
- прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка (поўнасцю), пасада, кваліфікацыйная катэгорыя, нумары тэлефонаў (хатні, мабільны).
Заяўка завяраецца подпісам аўтара або аўтара і кіраўніка.
Сваёй заяўкай удзельнік пацвярджае аўтарства і згоду з умовамі правядзення конкурсу.
2.5. Арганізатары маюць права выкарыстоўваць персанальныя даныя ўдзельнікаў конкурсу спосабамі, якія не пярэчаць заканадаўству.
2.6. Заяўкі і эсэ з пазнакай “На конкурс” дасылаюцца (адным лістом) на электронны адрас часопіса “Роднае слова”: konkurs@rod-slova.by.
2.7. На конкурс не дапускаюцца работы, пры падрыхтоўцы якіх былі парушаны аўтарскія правы трэціх асоб, а таксама работы, выкананыя метадам кампіляцыі.
2.8. Адказнасць за захаванне аўтарскіх правоў нясе ўдзельнік конкурсу.
ІІІ. Парадак арганізацыі і правядзення конкурсу.
3.1. Журы фарміруюць арганізатары конкурсу.
3.2. Ацэнка конкурсных работ праводзіцца па наступных крытэрыях:
- жанрава-тэматычная адпаведнасць тэме конкурсу;
- сэнсавая цэласнасць, лагічнасць і арыгінальнасць тэксту;
- пісьменнасць, змястоўнасць і творчы падыход.
3.3. Падвядзенне вынікаў адбудзецца 8 красавіка 2022 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (г. Мінск, вул. К. Маркса, 31). Канкурсанты змогуць паўдзельнічаць у вочным трэнінгу па беларускай мове і літаратуры, віктарыне “Філалогія і Я” і атрымаюць сертыфікаты.
3.4. Аўтары найлепшых прац і пераможцы віктарыны “Філалогія і Я” будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі арганізатараў.
3.5. Эсэ, дасланыя на конкурс, якія, на думку арганізатараў, уяўляюць творчую каштоўнасць, могуць быць змешчаны ў часопісе “Роднае слова” або на сайце выдання. Аўтарскія правы захоўваюцца за аўтарам.
3.6. Вынікі конкурсу будуць апублікаваны ў № 5 за 2022 г. часопіса “Роднае слова”.
3.7. Пры неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі арганізатары могуць прыняць рашэнне аб змене фармату падвядзення вынікаў конкурсу.
IV. Дадатковыя ўмовы.
4.1. У Палажэнне могуць быць унесены змены, якія зацвярджаюцца арганізатарамі.
4.2. Змены ў Палажэнні ўступаюць у сілу з моманту іх размяшчэння на сайтах арганізатараў.