- Праглядаў: 254
- Катэгорыя: “Роднаму слову” – 35
РОДНАЕ СЛОВА
Часопісу “Роднае слова”
Заўсёды
на Пачатку
было, ёсць і будзе
Слова.
І яно заўсёды
роднае,
як маці,
якая адна.
Як зямля,
на якой ты нарадзіўся,
адна.
Як дзень,
калі ты нарадзіўся,
адзін.
Як Радзіма,
дзе ты нарадзіўся,
адна.
І твая душа трымаецца
за роднае Слова,
а роднае Слова
трымаецца за тваю душу,
бо так было, ёсць і будзе.
І ў кожным з нас
жыве роднае Слова,
якому сотні гадоў
і цэлая вечнасць,
у якой ёсць мы
і наша роднае Слова,
што жыло і жыве ў летапісах
і ў Статутах,
у песнях і ў казках,
у шуме спелага жыта
і ў цішыні курганоў,
і ў нашых сэрцах,
і ў нашых душах,
і ўва ўсім,
да чаго дакраналіся
нашы продкі
на роднай зямлі,
несучы праз стагоддзі
роднае Слова,
як Божы дарунак,
як цудатворны крыж,
без якога не было б шляху
ў Заўтрашні Дзень.
І ты маеш роднае Слова
і маеш Радзіму.
І ты любіш роднае Слова,
і роднае Слова любіць цябе,
як маці,
у якой было, ёсць і будзе Слова,
у якога заўсёды ёсць мы
і наша Беларусь.
30.12.2022
Віктар Шніп,
намеснік дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” –
галоўны рэдактар часопіса “Полымя”.
Прафесіяналізм, кампетэнтнасць і рознабаковасць…
Паважаныя калегі!
Віншую вас з 35‑годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”!
За гады плённай працы выданне стала неад’емнай часткай адукацыйнага асяроддзя і культурнай прасторы нашай краіны. Трывалыя традыцыі і вялікі прафесійны досвед рэдакцыі часопіса робяць яго адным з самых аўтарытэтных навукова-метадычных выданняў. Матэрыялы, якія выходзяць на старонках “Роднага слова”, вось ужо чацвёртае дзесяцігоддзе знаёмяць чытачоў з самымі актуальнымі пытаннямі філалогіі, методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры, культуралогіі і мастацтвазнаўства, дапамагаюць засвойваць моўную спадчыну ў арганічнай сувязі з нацыянальна-культурнымі здабыткамі Беларусі.
“Роднае слова” – выданне, якое садзейнічае фарміраванню навуковай эліты краіны: часопіс уключаны ў Пералік навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філалагічных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі, педагогіцы. Не адно пакаленне настаўнікаў-філолагаў і выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў звяртаецца да матэрыялаў “Роднага слова” як крыніцы новых ведаў, перадавога педагагічнага вопыту, грунтоўнага навукова-метадычнага дарадцы.
Неабходна адзначыць дзейнасць часопіса “Роднае слова”, скіраваную на развіццё творчых здольнасцей і інтэлектуальнага патэнцыялу адораных навучэнцаў, патрыятычнае выхаванне вучнёўскай моладзі.
Жадаю калектыву часопіса і надалей выяўляць высокі прафесіяналізм, кампетэнтнасць і рознабаковасць. Моцнага вам здароўя і творчых поспехаў!
Андрэй Іванец,
Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ствараючы партрэт літаратуразнаўчага працэсу
Паважаныя супрацоўнікі рэдакцыі часопіса “Роднае слова”! Дарагія аўтары, дарагія чытачы ўнікальнага на ўсебеларускай прасторы выдання!
35 гадоў стараннай, руплівай працы па фарміраванні гістарычнага партрэта сучаснасці ў літаратуразнаўчым, літаратурна-крытычным, мовазнаўчым, культуралагічным выкладанні – вялікі шлях у справе будаўніцтва беларускага прыгожага пісьменства.
Віншуючы ўсіх з гэтай датай, адзначаючы многія і многія здабыткі выдання, хацелася б найперш заўважыць наступнае… Сотні нумароў “Роднага слова” – багатая беларуская бібліятэка, якая можа ўпрыгожыць сваёй прысутнасцю любы прыватны ці грамадскі, дзяржаўны кнігазбор. Адкрываючы наноў зробленае класікамі, імкнучыся спасцігнуць усю глыбіннасць такіх мастацкіх з’яў, як творчасць Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, нельга абысціся без роднасловаўскіх старонак.
Вельмі часта, перачытваючы раней надрукаванае, успамінаеш генератара, пачынальніка многіх і сёння жывых, практычна значных ідэй, чалавека, які фарміраваў фарватарную лінію “Роднага слова”, – Міхася Мікалаевіча Шавыркіна.
Застаецца пажадаць часопісу новых падпісчыкаў, надзейных, сталых чытачоў!
Алесь Карлюкевіч,
дырэктар – галоўны рэдактар
«Выдавецкага дома “Звязда”»,
старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.
“Нястомна рухацца наперад…”
Шаноўныя сябры!
Ад імя калектыву выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” прыміце шчырыя віншаванні з нагоды 35-годдзя з дня выхаду першага нумара часопіса “Роднае слова”!
У дружнай сям’і навукова-метадычных часопісаў выдавецтва “Роднае слова” адно з самых аўтарытэтных выданняў, якое займае асаблівую нішу. Часопіс комплексна прэзентуе самыя актуальныя даследаванні навукоўцаў у галіне філалогіі, мастацтвазнаўства, культуралогіі, педагогікі. Супрацоўніцтва выдання з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, дзяржаўнымі ўстановамі і арганізацыямі дае магчымасць мэтанакіравана і сістэматычна папулярызаваць сучасныя гуманітарныя веды ў шырокіх грамадскіх колах і служыць пляцоўкай камунікавання навуковай грамадскасці. Дзякуючы гэтаму выданне мае надзвычай разнастайную мэтавую аўдыторыю і яго сучасны фармат не абмежаваны выключна навуковымі публікацыямі. Пераважная большасць аўтараў часопіса мае навуковую ступень, з’яўляецца выкладчыкамі вышэйшых навучальных устаноў, іх артыкулы маюць вялікае практычнае значэнне.
Прыміце словы падзякі за вашу плённую працу, адданасць справе. Упэўнены, што юбілейная дата для рэдакцыі часопіса стане не толькі момантам, калі падводзяць вынікі, але і стартам для новых творчых праектаў!
Жадаю рэдакцыі нястомна рухацца наперад, адпавядаць выклікам сучаснасці, а чытачам – заставацца вернымі сябрамі “Роднага слова”.
Валянцін Навагродскі,
дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”.
“Роднае слова” фарміруе навуковую эліту
Дарагія сябры! Віншую вас з 35-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”!
З першых дзён існавання выданне атрымала прызнанне і высокую ацэнку навуковай грамадскасці, а сёння адыгрывае выключную ролю ў культурна-асветніцкай прасторы Беларусі. Матэрыялы, якія размяшчаюцца на яго старонках, знаёмяць з самымі актуальнымі пытаннямі філалогіі, методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры, культуралогіі і мастацтвазнаўства.
“Роднае слова” садзейнічае фарміраванню навуковай эліты краіны, бо толькі за апошнія тры гады было апублікавана больш за 150 даследаванняў дактароў навук, больш за 400 – кандыдатаў навук, а таксама больш за 300 артыкулаў маладых вучоных. Найлепшыя дасягненні айчынных навукоўцаў упершыню бачаць свет дзякуючы працы вашага выдання, а клопат рэдакцыі пра захаванне і папулярызацыю роднай мовы, нацыянальнай спадчыны спрыяе выхаванню моладзі ў павазе да культуры свайго народа і яго духоўных скарбаў.
Шчыра жадаю плёну ў вашай высакароднай творчай рабоце!
Аляксандр Лакотка,
дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі,
доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар,
акадэмік НАН Беларусі.
Высокая планка традыцый
Нацыянальная бібліятэка Беларусі віншуе часопіс “Роднае слова” з 35-годдзем з часу выхаду першага нумара. Захоўваючы гісторыю і традыцыі, часопіс трымае высокую планку і сёння: “Роднае слова” па-ранейшаму вылучаецца выдатнай якасцю артыкулаў і з’яўляецца аўтарытэтным навукова-метадычным выданнем. Часопіс робіць значны ўнёсак у прафесійную дзейнасць педагогаў і дапамагае выкладаць літаратуру і мову ў арганічнай сувязі з нацыянальнай культурай.
Прыемна адзначыць, што часопіс “Роднае слова” і Нацыянальную бібліятэку Беларусі аб’ядноўвае шматгадовае супрацоўніцтва, якое было і застаецца ўзаемавыгадным і перспектыўным.
Часопіс “Роднае слова” кожны год ажыццяўляе новыя цікавыя праекты, сярод якіх – сумесная ініцыятыва, рэалізаваная да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў 2022 г. У праекце “І мудрасці, і ведаў храм” на працягу года на старонках кожнага нумара часопіса публікаваліся артыкулы літаратуразнаўцаў, навукоўцаў і спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі, у якіх раскрывалася роля і месца найстарэйшага кнігасховішча ў гісторыі нацыянальнай культуры.
Чытачы бібліятэкі ўдзячны за тое, што побач з вашым выданнем могуць вучыцца любові да роднага слова, развіваць эстэтычны густ, фарміраваць грамадскую свядомасць.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі жадае часопісу захоўваць і развіваць найлепшыя традыцыі выдання, эфектыўна рэалізоўваць творчы патэнцыял, а таксама – далейшага паспяховага росквіту!
Аксана Кніжнікава,
генеральны дырэктар
Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
“Пара росквіту маладосці, паўнаты сіл…”
Паважаныя роднасловаўцы!
Дазвольце павіншаваць вас з яркай датай – 35-годдзем часопіса.
Трыццаць пяць гадоў для чалавека – пара росквіту маладосці, паўнаты сіл, калі за плячыма вучнёўства і сталенне, а наперадзе – прафесійная самарэалізацыя.
Так і з часопісам “Роднае слова”: ён даўно ўвайшоў у пару плённай стваральнай працы на ніве беларускай адукацыі і навукі.
Для настаўнікаў ён стаў крыніцай метадычных ідэй і педагагічнага натхнення, для маладых даследчыкаў – трамплінам, з якога пачынаецца іх творчы палёт, для навукоўцаў – пляцоўкай для прадуктыўнай дыскусіі і абмену думкамі, для метадыстаў – скарбонкай каштоўнага вопыту і школай наватарства.
Ад усяго сэрца зычу рэдакцыі часопіса “Роднае слова” павелічэння тыражоў, якія перасягалі б межы самых смелых чаканняў, багатага аўтарскага пула, які б рэгулярна прырастаў талентамі, плёну ў працы, якая прыносіла б задавальненне і чытачам, і стваральнікам такога патрэбнага нашай краіне выдання.
Са святам вас!
Валянціна Гінчук,
дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі,
кандыдат педагагічных навук.
Высокая сацыяльна‑дзяржаўная місія
Часопіс “Роднае слова” – прынцыпова важны для краіны. Ён служыць развіццю адукацыі і навукі, культуры і мастацтваў і, што асабліва важна, – скіраваны на ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці, кансалідацыю грамадства і паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці.
На старонках “Роднага слова” заўжды змяшчаюцца цікавыя і яркія публікацыі, карысныя для навукоўцаў і выкладчыкаў, настаўнікаў і навучэнцаў. Яны накіраваны на развіццё і інтэлектуальнае ўзбагачэнне асобы і выконваюць важныя выхаваўчыя і асветніцкія задачы.
Надзвычай істотна, што часопіс уключаны ў спіс выданняў, аўтарытэт якіх прызнаецца Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь. Высокі навуковы і навукова-метадычны ўзровень часопіса прываблівае не толькі сталых даследчыкаў, але і моладзь – аспірантаў і дактарантаў.
Часопіс “Роднае слова” служыць выдатнай пляцоўкай для канкрэтнай рэалізацыі і ўвасаблення ў практыку важных праграм і планаў Урада, стратэгічных дакументаў Савета Рэспублікі, адказных даручэнняў Адміністрацыі Прэзідэнта, што дазваляе яму аператыўна і якасна забяспечваць паўнавартаснае духоўна-культурнае развіццё грамадства.
З прыемнасцю хочацца адзначыць той факт, што высокую навуковую, адукацыйную і сацыяльна-дзяржаўную місію часопіс годна выконвае ад пачатку яго заснавання і да цяперашняга часу. Усе галоўныя рэдактары і рэдакцыйныя калектывы прыўносілі і цяпер прыўносяць у “Роднае слова” канструктыўныя інавацыі, узбагачаюць яго форму і змест, робяць прывабным і цікавым для чытачоў.
Іван Саверчанка,
дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы
Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі,
доктар філалагічных навук, прафесар.
Пляцоўка для рэалізацыі творчага і навуковага патэнцыялу
Шаноўныя калегі!
Калектыў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа сардэчна віншуе вас са слаўнай датай – 35‑годдзем з дня заснавання часопіса “Роднае слова”! За гады існавання часопіс заняў адметнае месца ў культурна-асветніцкай і адукацыйнай прасторы нашай краіны, стаў маштабнай пляцоўкай для рэалізацыі творчага і навуковага патэнцыялу студэнтаў, аспірантаў, настаўнікаў, краязнаўцаў, работнікаў культуры, вучоных. Дзякуючы творчай, самаадданай, нястомнай працы невялікага калектыву рэдактараў часопіс стаў адным з найлепшых навукова-метадычных выданняў Беларусі. Матэрыялы, што друкуюцца на яго старонках, заўсёды вылучаюцца актуальнасцю, навізной, тэматычнай разнастайнасцю і змястоўнасцю.
Дарагія сябры! Мы ўдзячны вам за шматгадовае плённае супрацоўніцтва, накіраванае на захаванне і папулярызацыю галоўнай гісторыка-культурнай каштоўнасці нацыі і дзяржавы – беларускай мовы і набыткаў, створаных на ёй.
Жадаем вам моцнага здароўя, невычарпальнай энергіі, натхнення, аптымізму, новых творчых дасягненняў, паспяховай рэалізацыі цікавых перспектыўных культурна-асветніцкіх праектаў і далейшага плёну ў вашай высакароднай працы на карысць роднай Беларусі.
Ігар Капылоў,
дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа
Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі,
кандыдат філалагічных навук.
Філалагічная энцыклапедыя
Дарагія роднаслоўцы і ўсе чытачы “Роднага слова”!
Шчыра віншую з 35-годдзем з дня заснавання часопіса, які можна смела лічыць філалагічнай энцыклапедыяй, прафесійным дарадцам для настаўнікаў, настольнай кнігай для школьнікаў, студэнтаў і аспірантаў. 35 гадоў – маленькая доля секунды ў прасторава-часавым вымярэнні. Для часопіса такі прамежак часу быў напоўнены актыўнай стваральнай працай, у выніку чаго свет убачылі 420 нумароў, дзе былі змешчаны матэрыялы па беларускай мове і літаратуры, культуралогіі, мастацтвазнаўстве, педагогіцы, методыцы выкладання мовы і літаратуры і інш. Неабходна падкрэсліць выхаваўчую і прапагандысцкую дзейнасць часопіса, у полі зроку якога заўсёды заставаліся надзённыя пытанні папулярызацыі роднай мовы і літаратуры. Тут можна нагадаць арганізацыю і правядзенне навукова-даследчых і творчых конкурсаў, шматлікія сустрэчы са школьнікамі і студэнтамі, што спрыяла далучэнню навучэнцаў да гісторыка-культурнай спадчыны нашай краіны, развіццю творчых здольнасцей, фарміраванню ў школьнай і студэнцкай моладзі патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да гістарычнага мінулага краіны.
Жадаю калектыву часопіса “Роднае слова”, аснову стылю працы якога складае высокая прафесійнасць і кампетэнтнасць, новых творчых дасягненняў і перамог, пастаяннага руху да няскораных вяршынь, увасаблення задуманага, здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай часопіс і пасля 35-гадовага юбілею застаецца дынамічнай пляцоўкай для шырокага абмеркавання актуальных тэарэтычных і практычных праблем беларускай мовы і літаратуры.
Васіль Старычонак,
дэкан філалагічнага факультэта
Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка,
доктар філалагічных навук, прафесар.
“Са мной ты на яве і ў сне…”
Дарагія роднасловаўцы!
Філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта віншуе РОДНЫ ЧАСОПІС з 35-годдзем! Родны, бо “Роднае слова” – як малая радзіма для многіх пакаленняў філфакаўцаў. І гэтай непарыўнай сувязі 35 гадоў, чым мы ганарымся і даражым.
Дазволю сабе адно параўнанне ў сувязі з МІСІЯЙ ЧАСОПІСА… У сучасным беларускім Космасе вы выконваеце тую ж функцыю, што і “Наша Ніва” на пачатку XX ст. На старонках часопіса друкуюцца аўтары з розных куткоў Беларусі. Вакол вас гуртуюцца найлепшыя сілы знаўцаў і даследчыкаў матчынай мовы і прыгожага пісьменства, якія шануюць і ўзбагачаюць нацыянальную культуру, не даюць ёй “умерці” ў часы татальнай глабалізацыі.
“Роднае слова” – самы “вакаўскі” беларускамоўны часопіс краіны. Без вас і вашай падтрымкі не абыходзіцца ніводзін аспірант ці дактарант. Бо ёсць такая завядзёнка: абавязковая апрабацыя вынікаў шматлікіх даследаванняў на старонках “Роднага слова”. У ВАКу пры зацвярджэнні дысертацый на Прэзідыуме ВАК вельмі часта задаецца адно і тое пытанне: чаму сярод навуковых часопісаў у асноўным фігуруе “Роднае слова”?! Ды таму, што такіх больш няма ў свеце… У чым несумненная заслуга стваральнікаў і пачынальнікаў, якім гонар і пашана! Такім чынам фарміруецца нацыянальная эліта нашай краіны.
Жадаем вам у наступныя 35 гадоў большага накладу, новых цікавых аўтараў і ўдзячных чытачоў, а таксама захавання сваіх традыцый і адметнага стылю!
Магутнае слова, ты, “Роднае слова”!
Грымі ж над радзімай зямлёй!
Сяргей Важнік,
дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта,
кандыдат філалагічных навук.
Іміджавае выданне Беларусі
“Роднае слова” – першы нацыянальны філалагічны часопіс, які вельмі хутка заняў сваю нішу ў інфармацыйнай прасторы, адукацыйнай і культурнай сферах, стаў адным з арыгінальных і аўтарытэтных перыядычных выданняў Беларусі. Часопіс з часопісаў: іміджавы, брэндавы, культавы, знакавы. Зорка на небасхіле Беларушчыны. Сёння без яго немагчыма ўявіць беларускі навуковы і літаратурны друк, сучаснае медыяполе нашай краіны. Быць аўтарам “Роднага слова” ганарова, прэстыжна і адказна: неабходна адпавядаць высокаму прафесійнаму ўзроўню і кваліфікацыі.
Задумваўся часопіс як спецыялізаванае педагагічнае выданне для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Але літаральна праз некалькі гадоў яму стала цесна ў межах вучэбнай праграмы, стала недастаткова быць прадметным складнікам, дапаможнікам у арганізацыі працэсу навучання, павышэнні прафесійнага майстэрства педагога. Часопіс “Роднае слова”, апрача прыкладнога значэння, займеў выразны нацыянальна-светапоглядны характар, культуралагічную накіраванасць, самабытнае аблічча.
Выключная роля ў станаўленні выдання, яго канцэптуальным, стратэгічным развіцці належыць Міхасю Мікалаевічу Шавыркіну (1947–2016), першаму галоўнаму рэдактару “Роднага слова”, выдатніку адукацыі Беларусі. Ён аддаў шмат часу і высілкаў галоўнай справе свайго жыцця, зрабіў цікавы, змястоўны, выдатны часопіс, якому сёння няма замены і якому па-добраму могуць пазайздросціць у нашых краінах-суседках. Надзвычай паспяхова і паслядоўна прадоўжыла развіваць і ўзбагачаць закладзеныя роднасловаўскія традыцыі Зоя Іванаўна Падліпская, якая ўзначальвала рэдакцыйны калектыў на працягу цэлага дзесяцігоддзя, з 2009 да 2019 года.
Час бяжыць хутка, часопіс прайшоў шлях даўжынёю 35 гадоў. Напэўна, гэта не так і шмат, але па чалавечых мерках нямала. На шляху быў імклівы ўзлёт, потым – творчыя пошукі і разгарненне мэтанакіраванай супольнай штодзённай працы, якая доўжыцца плённа і да сёння, сведчаннем чаму актыўная фаза ў дзейнасці рэдакцыі “Роднага слова” на чале з Наталляй Мікалаеўнай Шапран. Роднасловаўцы арганізуюць неабходныя матэрыялы для забеспячэння высакаякаснага ўзроўню нацыянальнай адукацыі, увасабляюць у жыццё арыгінальныя, цікавыя інавацыйныя праекты, ладзяць сустрэчы-дыялогі на разнастайных пляцоўках, творчыя конкурсы, прэзентацыі, якія набываюць шырокі розгалас у СМІ і сацыяльных сетках. Запачаткоўваецца і ствараецца новае, падтрымліваецца трэнд на беларускасць, заўважная пазітыўная роля ў аб’яднанні навуковых і творчых сіл вакол ідэй і каштоўнасных арыентацый, звязаных з папулярызацыяй класікі, культурнай спадчыны і народных традыцый, выхаваннем любові да роднага слова і нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Няхай і надалей доўжыцца творчы шлях “Роднага слова” з упэўненасцю ў абранай стратэгіі, годна, пачэсна, здзяйсняюцца ўсе планы, ініцыятывы, задумы. Сто гадоў!
Алесь Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар,
лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа,
галоўны рэдактар часопіса “Беларуская мова і літаратура”.
- Праглядаў: 336
- Катэгорыя: “Роднаму слову” – 35
За гэты час выйшла 420 нумароў агульным накладам 2 630 000 асобнікаў.
Апублікавана каля 2000 матэрыялаў.
Праведзена 8 рэспубліканскіх конкурсаў навукова-даследчых і творчых прац.
Падрыхтавана 11 тэматычных выпускаў.
Дзякуем, што былі разам!
З “Родным словам” па жыцці!
- Праглядаў: 296
- Катэгорыя: “Роднаму слову” – 35
У ЛЮСТЭРКУ ЕДНАСЦІ
Знакавыя даты з гісторыі айчыннай культуры моцна ўплываюць на зместавае аблічча “Роднага слова”. Яны задаюць камертон рэдакцыйнага “календара”: прыцягваюць увагу да імёнаў і падзей, падказваюць герояў новых публікацый, вызначаюць кола будучых аўтараў, акрэсліваюць тэматычныя акцэнты кожнага нумара і надаюць упэўненасці для гучных часопісных праектаў.
Не стане выключэннем і гэты год, пазначаны 35-гадовай вяхой выхаду з друку першага нумара “Роднага слова”.
Штогод у студзені мы найперш дзелімся планамі, анансуем прэм’ерныя рубрыкі, звяртаем чытацкую ўвагу на часопісны эксклюзіў. Усё гэта вы знойдзеце на старонках выдання і на гэты раз! Аднак няхай адметнасцю нумара стане яго… традыцыйнасць. Як адзнака выразнага фірмовага стылю, яго сакрэт – у працы не аднаго пакалення “роднасловаўцаў”. Як увасабленне і працяг стваральных задум першага галоўнага рэдактара часопіса Міхася Шавыркіна і яго паслядоўнікаў – Уладзіміра Куліковіча і Зоі Падліпскай. Як захаванне гісторыі выдання, багатай на славутыя імёны суайчыннікаў. Як знак увагі да нашых чытачоў, якія гэтую традыцыйнасць робяць жывой і надзённай.
Спадзяёмся, святочны нумар застанецца пазнавальным для аўтараў грунтоўных манаграфій, якія шмат гадоў таму з хваляваннем чакалі часопіс са сваім першым артыкулам. А вопытны настаўнік, гартаючы яго старонкі, згадае поспех урокаў, натхнёных прачытаным у “Родным слове”. Магчыма, хтосьці з чытачоў дастане з паштовай скрыні першы ў гэтым годзе нумар і ўсміхнецца, успомніўшы, як у юнацтве шукаў патрэбны матэрыял у часопісным асобніку са школьнай бібліятэкі…
35 гадоў “Роднае слова” імкнецца быць для сваіх чытачоў і аўтараў асяродкам паплечніцтва – прафесійнага і творчага. Можа, невыпадкова ў віншавальных допісах ад дзеячаў беларускай навукі і культуры не толькі гучаць цёплыя словы, а яшчэ й вымалёўваецца пэўны “партрэт” выдання ў прасторы і часе. Партрэт або люстэрка, у якое карысна паглядзець і нам, сціплым супрацоўнікам часопіса. Не толькі каб прыхарашыцца, але і паправіць якуюсь пасмачку недасканаласці, што, бывае, выб’ецца з-пад нашай прыгожай вокладкі.
З павагай, Наталля ШАПРАН.
- Праглядаў: 218
- Катэгорыя: “Роднаму слову” – 35
-
На старонцы:Показано с 1 по 5 из 5 (всего 1 страниц)