Выстава да 100-годдзя выхаду чацвёртага паэтычнага зборніка Янкі Купалы – яшчэ адна падзея юбілейнага года. Зборнік "Спадчына" – першая кніга паэта, выдадзеная ў Беларусі. Пра шлях кнігі да чытача расказвае выставачны праект, падрыхтаваны ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы пры падтрымцы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь – унікальныя дакументы з яго збораў прадстаўлены ўвазе шырокай грамадскасці ўпершыню.
Падчас адкрыцця выставы галоўны рэдактар "Роднага слова" Наталля Шапран перадала для музейных фондаў жнівеньскі нумар выдання, у якім цэлы раздзел працягвае купалаўскую тэму, і падзякавала калегам-музейцам за плённае супрацоўніцтва.
Наперадзе новыя публікацыі, у тым ліку і аповед пра абставіны асабістага і грамадскага жыцця творцы і тых людзей, якія дапамагалі яму ў ажыццяўленні выдання "Спадчыны".
Юбілейны купалаўскі год працягваецца!