Традыцыйнае “графічнае” падсумоўванне напрыканцы 2023-га. Сёлета мы не здолелі змясціць усе часопісныя праекты на адной выяве. І гэта выдатны вынік!
У гэтым годзе ўбачыў свет нумар-альманах да 140-годдзя Янкі Маўра.
Выйшлі часопісныя праекты, прымеркаваныя да 500-годдзя выдання “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага, а таксама да юбілейных датаў Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Максіма Гарэцкага і інш.
Здабыткам сучаснай Купаліяны традыцыйна аддаваліся ліпеньскія старонкі выдання, а часопісныя Каласавіны, прысвечаныя 100-годдзю паэмы “Новая зямля”, друкаваліся ажно ў трох нумарах.
Прыцягнулі чытацкую ўвагу тэматычныя раздзелы “Функцыянальная адукаванасць: тэорыя і практыка”, “Памяць Вялікай Айчыннай…”, “Культурныя повязі: тэатральнае мастацтва сучаснага Кітая”.
Штомесяц выходзілі публікацыі аўтарскіх цыклаў “У анталогію беларускага шаржу” Сяргея Шапрана і “Род блізкі і далёкі” Вадзіма Урублеўскага.
Часопісныя вокладкі ўпрыгожваў супольны праект “Фарбы. Постаці. Натхненне: да 85-годдзя Беларускага саюза мастакоў”.
Супрацоўніцтва з Нацыянальным мастацкім музеем працягнулася ў шматгадовай рубрыцы “Архітэктурная спадчына” і новым праекце “Арт-лекторый”.
Як не згадаць дзясяткі публікацый нашых сталых аўтараў і маладых навукоўцаў, шматлікія метадычныя распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў.
А яшчэ разам з вамі мы адзначылі 35-годдзе часопіса.
Шчыра дзякуем усім, хто заставаўся з “Родным словам”! Шануем і цэнім кожнага з вас!