Асабісты кабінет

Першага лістапада сустракае 90-гадовы юбілей прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы Вера Якаўлеўна Ляшук-Зарэцкая. Ад самых першых нумароў паміж часопісам і Верай Якаўлеўнай наладзілася актыўнае, плённае супрацоўніцтва. Многія вучні прафесара В. Ляшук-Зарэцкай сталі вядомымі навукоўцамі, метадыстамі, прызнанымі педагогамі, добрымі кіраўнікамі розных узроўняў. З глыбокім шанаваннем шлюць яны словы ўдзячнасці сваёй настаўніцы, старэйшаму сябру, якой застаецца для ўсіх Вера Якаўлеўна. Рэдакцыя “Роднага слова” далучаецца да віншаванняў і цёплых слоў.

 

 

 


 

З настальгіяй згадваецца атмасфера філалагічнага факультэта Брэсцкага педінстытута 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Адкрыццё новых спецыяльнасцей запатрабавала значнага павелічэння колькасці выкладчыкаў. Веры Якаўлеўне Ляшук было даручана ўзначаліць новую кафедру методыкі выкладання беларускай літаратуры і краязнаўства. У гэтых галінах педагагічнай навукі яна была прызнаным у краіне аўтарытэтным вучоным, а пераважную большасць членаў кафедры склалі маладыя выпускнікі факультэта.

         Толькі з гадамі па-сапраўднаму разумееш, колькі намаганняў трэба было прыкласці загадчыку кафедры, каб ператварыць нас у навукоўцаў. “Суд гісторыі цяжкі”, – любіла паўтараць прафесар, аберагаючы маладых ад кан’юнктурнасці і спрошчанасці ў ацэнках мастацкіх з’яў, і па некалькі разоў рэдагавала нашы будучыя публікацыі. Прафесіяналізм і патрабавальнасць Веры Якаўлеўны абумовілі якасць падрыхтаваных на кафедры кандыдацкіх дысертацый, праца над якімі сумяшчалася з адказнай і складанай работай у складзе аўтарскага калектыву па падрыхтоўцы вучэбна-метадычнага комплексу па беларускай літаратуры для сярэдняй школы. Інтэлект, мудрасць, сіла характару, незвычайныя працаздольнасць і арганізаванасць кіраўніка сталі зарукай поспеху аўтарскага калектыву. Вера Якаўлеўна аберагала нас ад канфліктаў, якія часта здараюцца ў асяроддзі творчых людзей, на кафедры стварыла сяброўскую, амаль сямейную атмасферу.

Няўмольна ляціць час, прыносячы страты, пакуты, расчараванні… Ад сябе і членаў нашай былой кафедры хочацца сказаць Вам вялікі дзякуй, шаноўная Вера Якаўлеўна, што Вы некалі паверылі ў нас, дапамаглі стаць на крыло, далі магчымасць адчуць асалоду і радасць чалавечых стасункаў у працоўным калектыве.

У любімага Верай Якаўлеўнай Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага ёсць абразок, у якім аўтар захапляецца ёмістасцю і мудрасцю народнага выслоўя “І за гарою пакланюся…” Віншуючы Вас з юбілеем, нізка кланяемся, дарагі наш Настаўнік. Мы адбыліся дзякуючы Вашай прысутнасці ў нашым лёсе.

Галіна Ішчанка,

дацэнт кафедры беларускай філалогіі

Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.


Зарецкая Вера Яковлевна в моей жизни человек чрезвычайно важный, во многом определивший моё личностное становление и профессиональный путь.

Знакомство с Верой Яковлевной состоялось, когда я училась на первом курсе филологического факультета. Прежде всего меня поразила внешность Веры Яковлевны – красавица, статная, с голубыми глазами, уложенными русыми волосами, с крупными красивыми украшениями, ярким полушалком, накинутым на плечи. Одним словом, человек харизматичный, яркая индивидуальность.

Безусловно, запомнились лекции Веры Яковлевны по методике преподавания русской литературы. Это было слово Мастера, мы не только обогатились знаниями по методике преподавания литературы, но и прониклись ее методическими воззрениями, ее подходом к обучению литературе в школе.

Лекционные и практические занятия Веры Яковлевны, ее отношение к предмету, стремление к профессиональному совершенствованию, творческие поиски убедили меня и моих однокурсников в значимости литературного образования, в том, что профессия филолога, учителя языка и литературы, высокородная и важнейшая в гуманитарном образовании. Справедливости ради стоит отметить, что мы побаивались Веру Яковлевну: она была требовательной, взыскательной, эмоциональной, жесткой в оценках наших, как я теперь понимаю, не вполне квалифицированных, а порой и наивных ответов, но умела и похвалить, что очень повышало самооценку студентов.

Так случилось (а точнее, мне выпала большая честь и удача), что и далее, по завершении учебы в институте, мы соприкасались и в нашей профессиональной биографии, и в человеческом общении. Я была перераспределена на кафедру русского языка. Мы не раз встречались в неформальной обстановке дома у четы Зарецких. Это тоже были уроки жизни, беседы о личном и профессиональном, добрые наставления и советы.

Вера Яковлевна была рада моей успешной защите и присуждению степени кандидата наук, внимательно следила за моим профессиональным ростом, читала публикации, давала им оценку. Вспоминается случай, когда она похвалила мой доклад на конференции, посвященной творчеству Нины Матяш. Мне было лестно – ее похвала дорого стоит. Она призывала нас быть трудолюбивыми, настойчивыми в поисках научной истины, по-хорошему амбициозными, критически мыслящими.

Работа на одном факультете с Верой Яковлевной, общение с ней, наблюдения за тем, как она руководит кафедрой методики преподавания белорусской литературы и краеведения и созданной ею научной школой (как много ярких и интересных молодых преподавателей появилось на кафедре в период ее заведования!), обсуждает вопросы и проблемы кафедры, как принимает решения, публично выступает, общается с коллегами, подчиненными, студентами, как обаятельно улыбается… – всё это уроки, которые преподнесла мне Вера Яковлевна Зарецкая – яркая, незаурядная личность, профессор, педагог, настоящий профессионал, умный и сильный человек.

Время не властно над ученым, поскольку время – это капитал работника умственного труда. Вера Яковлевна – большой труженик, она находится в том благородном возрасте, когда видны плоды трудов человека, а они обильны и прекрасны: это ее семья, книги, статьи и мысли; это ученики, воспитанники, преемники; это и её добрые дела.

Думаю, что все мы в долгу перед Верой Яковлевной, все те, кого она опекала, кому помогала советом и делом, с кем шла по жизни. За повседневной суетой мы не всегда были внимательны к ней, забывали поздравить с праздниками, поблагодарить, лишний раз сказать доброе слово, которое было бы отнюдь не лишним.

Дорогая Вера Яковлевна, огромное Вам за все спасибо и низкий поклон!

Ольга Переход,

кандидат филологических наук, доцент,

заведующий кафедрой общего и русского языкознания

Брестского государственного университета имени А. С. Пушкина.


 

Для мяне Вера Якаўлеўна была і застаецца дасюль неразгаданай загадкай. Напэўна таму, што яна была вельмі рознай – шматграннай у талентах, зменлівай у характары, няўрымслівай у пошуках і адкрыццях, патрабавальнай і далікатнай, надзвычай эмацыйнай, шчырай і часам замкнёнай, пакрыўджанай і нават абуранай… Быў такі час, і было такое жыццё.

Бясcпрэчна, што В. Зарэцкая – асоба, якой уласцівы многія рысы геніяльнасці: цярплівасць, настойлівасць, неверагодная працавітасць, талент аб’ядноўваць вакол сябе аднадумцаў, захопліваць іх агульнай ідэяй, натхняць на абавязковую рэалізацыю задуманага. А яшчэ грамадзянская годнасць. Вера Якаўлеўна ведала кошт уласнаму “Я” і не дазваляла ганьбіць сваю людскасць. Яна ўмела не толькі сябе абараніць, але і паклапаціцца пра годнасць кафедры, факультэта, універсітэта, студэнта, лабаранта, выкладчыка.

Ад першай сустрэчы з Верай Якаўлеўнай у маёй памяці застаўся светлы, надзвычай натхнёны, узвышаны воблік абаяльнай выкладчыцы. Яна не проста расказвала на лекцыі – яна распавядала, часта ўстаўляла ў тканіну тэксту вершаваны фрагмент, які дэкламавала як сапраўдная артыстка. Мы заслухваліся, зачароўваліся яе голасам, тварам, рухамі…

Цудоўны быў час, асабліва канец 80-х – пачатак 2000-х. Наш філфак быў у сваім росквіце. Колькі кніжак, праграм, распрацовак, дапаможнікаў было падрыхтавана! А колькі студэнтаў вучылася, працавала маладых і сталых выкладчыкаў. На факультэце панавала атмасфера сапраўднага філалагічнага жыцця. У цэнтры гэтай працоўнай, вучэбнай і выхаваўчай ідыліі былі нашы знакамітыя прафесары Уладзімір Калеснік, Вера Зарэцкая, Галіна Малажай, Аляксей Майсейчык, Цімафей Ліякумовіч, Мікола Мішчанчук…

Дарагая Вера Якаўлеўна, лёс даў Вам доўгае жыццё. Мы радуемся разам з Вамі і выказваем словы ўдзячнасці за Ваш важкі ўнёсак у фарміраванне нас як годных асоб і вашых паплечнікаў! З юбілеем Вас!

Уладзімір Сенькавец,

кандыдат філалагічных навук,

дацэнт кафедры прафесійнага развіцця работнікаў адукацыі

Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.


 

На гэтым фотаздымку (май 2008 г.) схоплены эмацыйны выступ Веры Якаўлеўны Ляшук-Зарэцкай у маёй роднай сярэдняй школе № 1 г. Бярозы на сустрэчы з настаўнікамі, з якімі яна найбольш падтрымлівала сувязі. Адным з прыхільнікаў яе таленту з’яўляюся і я.

Калі рыхтаваўся да гэтай сустрэчы, то амаль усе яе кнігі для выставы “З-пад пяра В. Я. Ляшук” (знаходзіцца на заднім плане фотаздымка) прынёс са сваёй бібліятэкі. Усе выданні былі з аўтографамі Веры Якаўлеўны і адрасаваны мне. Не раз узнікала думка: “Божа, калі яна толькі паспявае? А як шмат і вялікімі тыражамі выдадзена! Сапраўды, “напісанае застаецца”. Трохі пазней на “хваробу” Ляшук падсеў і я: на сёння з’яўляюся аўтарам і суаўтарам 5 вучнёўскіх вучэбных дапаможнікаў па літаратурным чытанні для ІІ–IV класаў і “Беларускай літаратуры” для V  і ІХ класаў. Маю 15 аўтарскіх вучэбна-метадычных і вучэбных дапаможнікаў для настаўнікаў і вучняў пачатковых класаў, а таксама і для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

Адкуль гэтае незвычайнае хобі ў палескага юнака, а пазней настаўніка і выкладчыка? Адказваю проста: “Ад Ляшук! Безумоўна, ад яе!” Вера Якаўлеўна як сапраўдны прафесіянал вышэйшага гатунку умела захапіць студэнтаў методыкай выкладання беларускай літаратуры падчас майго навучання ў Брэсцкім педінстытуце. Змест яе асобных лекцый памятаю і сёння.

Яна не толькі мой любімы Настаўнік, якому я прысвяціў сваю першую кнігу “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры” (2007, 2015), але і мая другая маці, якой раз-пораз тэлефаную з нагоды свят у Падмаскоўе, дзе яна жыве разам з мужам Міхаілам Васільевічам, дзецьмі і ўнукамі. А зусім нядаўна зноў у суаўтарстве з ёю і іншымі выкладчыкамі рэспублікі выдалі вучэбна-метадычны дапаможнік “Беларуская літаратура ў 9 класе” (2022), у якім змешчаны і працы Веры Ляшук: “Якуб Колас”, “Максім Танк” і “Янка Брыль”.

         Дарагая і любімая наша Вера Якаўлеўна! Віншую Вас з чарговым юбілеем! Вы наш арыенцір! Маяк, на які яшчэ доўгія гады будуць арыентавацца і новыя метадысты ў выкладанні беларускай літаратуры ў навучальных установах Беларусі. Вы нам патрэбны! Патрэбны і Вашы артыкулы, што апошнім часам усё яшчэ з’яўляюцца ў часопісах “Беларуская мова і літаратура” і “Роднае слова”. Здароўя да сотні гадоў!

Мікола Жуковіч,

Ваш студэнт 1981–1985 гг. навучання, выкладчык беларускай мовы і літаратуры філіяла “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М. С. Высоцкага” ўстановы адукацыі “Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі”.


Дзякую, любімая Настаўніца, за лепшыя школьныя гады з Вамі! Здароўя Вам, радасці, паболей шчаслівых дзён у жыцці!

ДА ЮБІЛЕЮ ВЕРЫ ЯКАЎЛЕЎНЫ ЗАРЭЦКАЙ

                            Я помню Вас малодзенькай і стройнай,

                            Калі прыйшлі ўпершыню ў наш клас.

                            Пяшчотнай, мілай, добрай і прыстойнай.

                            Адразу вучні палюбілі Вас.

 

                            Тлумачылі Вы шчыра і даступна.

                            Мы з прагнасцю хацелі ўсё пазнаць.

                            Былі Вы справядлівай, непадкупнай,

                            Вучылі нас і марыць, і кахаць.

 

                            Важней падручніка – першакрыніца.

                            За нашы думкі ставілі вы “пяць”.

                            І сталі вы для нас жывой крыніцай:

                            Вучыліся мы думаць, разважаць.

 

                            У драмгуртку былі Вы рэжысёрам.

                            Стаў кожны вобраз дзіўна ажываць.

                            А як умелі з кожным з нас “акцёраў”

                            Героя вобраз ставіць, шліфаваць!

 

                            Вось першы поспех наш на сцэне ўзімку.

                            Ад шчасця слёзы у вачах стаяць…

                            І кожны хлопец мог на перапынку

                            Дзяўчыне пра каханне верш чытаць.

 

                            І тыя, хто зусім і не чыталі,

                            Адразу кнігі пачалі шукаць.

                            Вы іх да кніг штодзённа прывучалі,

                            Вучылі вершы першыя пісаць.

 

                            І я таксама першы верш складала

                            (Гагарын тады ў космас паляцеў)

                            І з хваляваннем Вам яго чытала,

                            А потым кожны з нас паэтам стаць хацеў.

Марыя Якімук (Гарах),

былая вучаніца Дамачаўскай СШ, ветэрэн педагагічнай працы.


 

Хто ведае родную мову, думае, размаўляе на ёй (як гэта робіць Вера Якаўлеўна і сёння), той валодае роднай культурай і далучаецца да багацця беларускай літаратуры. Не аднойчы яна звярталася да нас са словамі: “Даражэнькія мае, ад вас залежыць, як вашы вучні будуць чытаць і разумець творы”. Дзякуючы яе методыцы мы навучыліся чытаць паміж радкоў, бачыць стыль і почырк пісьменніка, адчуваць яго твор сэрцам.

Шырокі кругагляд Веры Якаўлеўны, яе багаты педагагічны вопыт і ўменне адчуваць чалавека прыцягвалі студэнтаў. Лекцыі і практычныя заняткі Ляшук былі своеасаблівым практыкумам па засваенні культурнай спадчыны нашага народа.

У Веры Якаўлеўны глыбокія, можна сказаць, энцыклапедычныя веды. І часта мы здзіўляліся яе памяці, крытычнай думцы. Вельмі сорамна было не ведаць на памяць праграмныя вершы, якія яна цудоўна чытала. І ўжо калі мы самі сталі настаўнікамі, прыходзілі на яе лекцыі падчас павышэння кваліфікацыі, то вельмі баяліся не адказаць на чарговае пытанне да аўдыторыі. Не памылюся, калі скажу, што ў кожнага яе былога студэнта на рабочай палічцы стаяць шматлікія вучэбна-метадычныя дапаможнікі па выкладанні літаратуры.

Жыццесцвярджальная энергія Веры Якаўлеўны, яе працаздольнасць і прынцыповасць спрыялі згуртаванню вакол яе маладых вучоных, перадавых настаўнікаў, якія і сёння рэалізуюць ідэі свайго Настаўніка. Вера Якаўлеўна была, ёсць і будзе яркай асобай.

Таццяна Федзюкова (Чыкіта),

настаўнік беларускай мовы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 27 г. Брэста.


 

Першы раз пачула Веру Якаўлеўну на занятках па методыцы выкладання літаратуры. А было гэта ў 1970 г. Помніцца, яна, маладая, абаяльная, многа часу аддавала, ну, і пэўна ж, патрабавала ад нас дасканалай падрыхтоўкі, а яшчэ не проста чытання праграмных вершаў, а па-сапраўднаму выразнага чытання. І сама была для нас прыкладам. І праз гады чуецца яе наказ: чытаць трэба так, каб перш за ўсё вы самі паверылі ў тое, што чытаеце! Асабліва былі зачараванымі дэкламацыяй верша “Пахне чабор” П. Броўкі. У аўдыторыі сапраўды пахла чаборам…

А яшчэ наша нястомная Вера Якаўлеўна кожны год, звычайна з другім курсам, арганізоўвала літаратурна-краязнаўчую паездку. І была цікавым экскурсаводам, дасціпным, вясёлым арганізатарам. У паездцы мы пачулі ўпершыню яе песню. І праз пяцьдзясят гадоў яна гучыць, глыбока хвалюе:

                            Сонца за хмарамі ўранні

                            Скрылася, болей не свеціць.

                            Што ж ты мне сэрца параніў,

                            Мой найдарожшы на свеце?..

Такое незвычайнае ўражанне было! Песня, яе словы, а найбольш выкананне ўскалыхнулі нас. Тады да павагі як да педагога дабавілася яшчэ нешта, магчыма, захапленне… Цяпер, з вышыні гадоў, зноў захапляешся яе руплівасцю, няўрымслівасцю, вопытам і эрудыцыяй.

Жывіце доўга-доўга, паважаны Настаўнік, бо з Вамі і лягчэй, і ямчэй і нашай мове, ды і ўсім нам...

Галіна Халімончык (Новік), ветэран педагагічнай працы,

былы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

сярэдняй школы № 2 г. Бярозы Брэсцкай вобласці.