Асабісты кабінет

Урачыстасці, прымеркаваныя да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, працягваюцца. Адной з іх стала ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу, які называўся “Янка Маўр: вандраванне па зорках”.


У конкурсе, абвешчаным Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Мінскім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, удзельнічалі навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінскай вобласці. 


Ужо на пачатку года пачаліся адборачныя этапы ў намінацыях “Літаратурная творчасць”; “Выяўленчае мастацтва”; “Інсцэніроўка (мініяцюра)”, што праходзілі ў трох узроставых катэгорыях: 6–10 гадоў; 11–13 гадоў;  14–17 гадоў. У заключным этапе конкурсу ўзялі ўдзел больш за 200 творчых дзяцей Міншчыны.


“Вандраванне па зорках” завяршылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ўрачыстым узнагароджаннем пераможцаў. Сімвалічна, што адным з прызоў для юных аматараў літаратурнай спадчыны Янкі Маўра стаў імянны сертыфікат на майскі тэматычны нумар “Роднага слова”, уручаны галоўным рэдактарам часопіса Наталляй Шапран. Спадзяёмся, таленавітыя канкурсанты і іх настаўнікі абавязкова знойдуць на старонках альманаха, прысвечанага пісьменніку, натхненне для новых творчых перамог. 


На фота – праца “Палескія рабінзоны” Кацярыны Саматыі, пераможцы конкурсу ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” (СШ № 2 г. п. Гарадзея; узроставая катэгорыя 11–13 гадоў). Творы пераможцаў у гэтай намінацыі ўпрыгожаць вокладку майскага нумара “Роднага слова”.