Асабісты кабінет

Сярод навуковых сродкаў масавай інфармацыі часопіс “Роднае слова” займае асаблівую нішу, бо мэтанакіравана папулярызуе сучасныя гуманітарныя веды ў шырокіх грамадскіх колах. Дзякуючы гэтаму выданне мае надзвычай разнастайную чытацкую аўдыторыю. 


Гэта пацвердзіла і прэзентацыйнае мерапрыемства «У пошуках страчанага: Архіўныя адкрыцці сучаснага купалазнаўства на старонках часопіса “Роднае слова”», што адбылося ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Яго ўдзельнікамі сталі літаратуразнаўцы, музейныя супрацоўнікі, генеалогі і біёграфы Янкі Купалы – сталыя і будучыя аўтары часопіса: кандыдаты філалагічных навук Мікола Трус, Ірына Багдановіч, Таццяна Вабішчэвіч, навуковы сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава, даследчык беларускай літаратуры Сяргей Шапран, даследчык-генеалог Алена Кароўчанка і інш. 


Госці сустрэчы – выкладчыкі, журналісты, студэнты – з цікавасцю пазнаёміліся з аўтарытэтным меркаваннем сучасных даследчыкаў-купалазнаўцаў, якія прэзентавалі гучныя архіўныя знаходкі 2023 г. Такі фармат сустрэчы спрыяў творчаму асэнсаванню навуковых публікацый, змешчаных у “Родным слове” ў гэтым годзе. Спікеры прапаноўвалі і абмяркоўвалі новыя версіі, акрэслівалі шляхі далейшага пошуку і падкрэслівалі важную ролю часопіса як пляцоўкі для навуковага камунікавання. 
Мерапрыемства прайшло ў цёплай атмасферы паэтычнага слова і музыкі, яны гучалі ў выкананні мастацкага кіраўніка народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”, спявачкі Алесі Сівохінай і струннага ансамбля  “La-vie” пад кіраўніцтвам Таццяны Жагулы.

 

 

 

 

 

 

 

Больш фотаздымкаў глядзіце ў галерэі.