Першым лістападаўскім днём "Роднае слова" гасцінна сустракалі ў Віцебску.
Наш часопіс і выкладчыкаў-філолагаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава звязваюць даўнія сяброўскія стасункі: даследаванні віцебскіх навукоўцаў рэгулярна з'яўляюцца на старонках выдання.
Пра гэта, а таксама пра сёлетнія праекты "Роднага слова" галоўны рэдактар Наталля Шапран расказала падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі, наладжанай факультэтам гуманітарыстыкі і моўных камунікацый, што адбылася ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. На прыкладзе нумара-альманаха, прысвечанага 140-годдзю Янкі Купалы, будучыя спецыялісты літаратурна-рэдакцыйнай дзейнасці пазнаёміліся са структурай і канцэпцыяй часопіса, які традыцыйна прэзентуецца як выданне для прафесійнага натхнення.
Прыемным працягам гутаркі сталі зацікаўленыя пытанні студэнтаў і знаёмства з Народным літаратурным музеем факультэта, дзе захоўваюцца аўтографы М. Танка, І. Чыгрынава, М. Лынькова, Г. Кісялёва, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна і інш.
Шчыра дзякуем калегам за цёплы прыём, а студэнтцы IV курса Дзіяне Галавач – за фотаздымкі.