Напярэдадні Дня роднай мовы ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося святочнае мерапрыемства “Родная мова ў марах, у песнях, у снах…”. Наш часопіс стаў партнёрам яго арганізатараў, бо для рэдакцыі “Роднага слова” гэты дзень – амаль прафесійнае свята. Падарункам да свята было натхнёнае выступленне творчай моладзі мінскіх навучальных устаноў. Хлопцы і дзяўчаты чыталі вершы беларускіх аўтараў і выконвалі песні на іх словы. Роднае слова гучала ўпэўнена і шчыра.
У такой прыязнай атмасферы галоўны рэдактар часопіса Наталля Шапран павіншавала настаўніка беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Івана Герасімовіча з найлепшай метадычнай публікацыяй 2020 г. па версіі чытачоў выдання і адзначыла пераможцу граматай рэдакцыі. Выхаванцы Івана Міхайлавіча з Мінскага аўтамеханічнага каледжа таксама былі ўдзельнікамі свята ў музеі.