Асабісты кабінет

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыліся “ХХХ Гарэцкія чытанні” – міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. У адкрыцці канферэнцыі ўзяла ўдзел галоўны рэдактар “Роднага слова” – навуковага і метадычнага выдання, якое на працягу 35 гадоў асвятляе пытанні даследавання спадчыны класіка беларускай літаратуры. Ужо ў другім нумары часопіса, які выйшаў у лютым 1988 г., былі надрукаваны матэрыялы, прымеркаваныя да 95-годдзя Максіма Гарэцкага, а за час існавання “Роднага слова” ўбачылі свет каля 130 публікацый айчыннага гарэцказнаўства. Пра гэта Наталля Шапран расказала ў прывітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі. Сярод іх былі і сталыя аўтары “Роднага слова”, у тым ліку акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, які шмат гадоў знаёміў чытачоў часопіса з радаводам сям’і Максіма Гарэцкага. 
Да 130-годдзя пісьменніка ў лютаўскім нумары “Роднага слова” выйшаў часопісны праект, куды ўвайшлі самыя актуальныя матэрыялы даследчыкаў творчасці Максіма Гарэцкага, а таксама метадычныя распрацоўкі настаўнікаў-практыкаў. Гэты нумар, што адлюстроўвае высокі ўзровень сучаснага гарэцказнаўства, быў перададзены ў фонды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, а таксама падараваны Р. Г. Гарэцкаму з удзячнасцю за шматгадовае супрацоўніцтва.

 

Дзякуем за фота К. Дробаву.