Асабісты кабінет

 

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбыўся круглы стол “Музею Янкі Купалы – 80”. 
Супрацоўнікі ўстановы прэзентавалі грамадскасці праекты юбілейнага года, былі абмеркаваны традыцыі творчага супрацоўніцтва, перспектыўныя накірункі ў працы, развіццё партнёрскіх сувязяў. 

Гісторыя супрацоўніцтва музея і навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” пачала складвацца ад самага пачатку існавання выдання. Першая публікацыя, прысвечаная тагачаснай экспазіцыі, з’явілася 35 гадоў таму – у лютаўскім нумары 1989 г. Пройдзены шлях  ад асветніцкіх публікацый супрацоўнікаў музея да маштабных навуковых музейна-часопісных праектаў. Пра гэта ўдзельнікам круглага стала расказала галоўны рэдактар часопіса Наталля Мікалаеўна Шапран. Быў анансаваны тэматычны раздзел “Роднага слова”, прысвечаны юбілею літаратурнага музея першага народнага паэта Беларусі, які выйдзе ў красавіцкім нумары выдання.
У сустрэчы таксама ўзялі ўдзел дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Іванавіч Усік і дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Уладзіміраўна Мацяс, выкладчыкі кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў на чале з загадчыкам Дзмітрыем Васільевічам Герасімёнкам, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Віктаравіч Бараноўскі, доктар філалагічных навук Валянціна Канстанцінаўна Мароз.