Асабісты кабінет

“Роднае слова” стала госцем прэзентацыі ўнікальнага выдання “Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі” доктара мастацтвазнаўства, гісторыка архітэктуры, вядучага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Тамары Віктараўны Габрусь. 

 

 

 

 

 


Даследаванне прысвечана культурнаму феномену – драўлянаму сакральнаму дойлідству Беларусі, складанасці яго гістарычнага лёсу і мастацкай адметнасці. У грунтоўнай працы аўтар разглядае помнікі драўлянага храмабудаўніцтва розных хрысціянскіх канфесій як агульную культурную спадчыну беларускага народа, прапануе новую мастацтвазнаўчую сістэматызацыю і класіфікацыю храмаў паводле іх архітэктонікі і канцэпцыі формаўтварэння.

 

 


Прэзентацыя выдання адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа і стала сапраўдным бенефісам таленавітай даследчыцы і прызнанага аўтарытэта ў айчынным мастацтвазнаўстве, чыя шматгадовая праца была адзначана медалём Францыска Скарыны. З урадавай узнагародай  і выхадам новай манаграфіі Тамару Віктараўну павіншавалі дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Лакотка, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армэн Сяргеевіч Сардараў, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Яўген Міхайлавіч Сахута, а таксама шматлікія калегі, сябры і вучні даследчыцы.  


Тамара Віктараўна Габрусь  – сталы аўтар і  член рэдкалегіі часопіса “Роднае слова”. Не адно дзесяцігоддзе яе публікацыі ў нашым выданні, прысвечаныя гісторыі і адметнасці беларускага дойлідства, далучалі чытачоў да айчыннай культурнай спадчыны, спрыялі іх нацыянальнаму самаўсведамленню, служылі крыніцай новых ведаў і прафесійнага натхнення. Пра гэта падчас выступлення на прэзентацыі распавяла галоўны рэдактар часопіса Наталля Мікалаеўна Шапран. Згадаўшы выказванне народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Я рос вачыма на готыку”, што ў тым ліку прадвызначыла яго асобаснае і паэтычнае станаўленне, яна адзначыла вялікі выхаваўчы патэнцыял даследавання беларускага дойлідства як важнага кампанента культуры і падзякавала Тамары Віктараўне за шматгадовую аўтарскую шчодрасць да чытачоў “Роднага слова”.  


Дзякуем за фота аддзелу маркетынгавых камунікацый ЦНБ НАН Беларусі.