Асабісты кабінет

Часопіс “Роднае слова” прэзентуе

5 кастрычніка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася прэзентацыя “Янка Купала: з ХХ стагоддзя ў ХХІ”, прысвечаная нумару-альманаху часопіса “Роднае слова”, які выйшаў да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

 

– Фармат альманаха дае магчымасць рэдакцыі падаць сваю версію сучаснага купалазнаўства. Той, хто гартаў старонкі нашага ліпеньскага нумара, мог упэўніцца, што гэта не проста зборнік навуковых даследаванняў. Рэдакцыя імкнулася ўвасобіць шырыню панарамы і маштаб сучаснага купалазнаўства. Мы паспрабавалі прадэманстраваць, што ва ўсіх сферах айчыннай гуманітарыстыкі і найперш тых, што адлюстроўваюцца на старонка “Роднага слова” як ВАКаўскага выдання, ёсць месца для глыбокага асэнсавання жыцця і творчасці класіка, а таксама прадставіць наша бачанне асобы Янкі Купалы і стаўленне да яго даследчыкаў.

Так, кожнае пакаленне: і чытачы, і даследчыкі, – адкрываюць нацыянальнага генія наноў, таму скіраванасць з мінулага ў сучаснасць (што і падкрэслена ў назве прэзентацыі – “Янка Купала: з ХХ стагоддзя ў ХХІ”) – гэта не толькі пра паэта, якога працягваюць чытаць, але і пра якасць і адметнасць купалазнаўства… – падзялілася на пачатку імпрэзы яе вядучая, галоўны рэдактар часопіса Наталля ШАПРАН.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна ГАЛІНСКАЯ выказала падзяку калектыву часопіса “Роднае слова” за ўдзел у сумесных творчых праектах, за ўнёсак у захаванне гістарычнай памяці, папулярызацыю айчыннай культурнай спадчыны і патрыятычнае выхаванне моладзі.

Янка Купала лічыцца адным з самых даследаваных творцаў беларускай літаратуры, а плён купалазнаўства мог бы скласці шматтомную бібліятэку. Між тым часопісны досвед упэўнівае, што вяртанне да спадчыны класікаў ніколі не бывае марным, а іх біяграфіі з ходам часу дамалёўваюцца новымі, дасюль не вядомымі штрыхамі, архіўнымі знаходкамі і нават адкрыццямі… Пра гэта гасцям прэзентацыі і расказвалі аўтары “Роднага слова” – купалазнаўцы ХХІ стагоддзя, якія імкнуліся паглядзець на асобу і творчасць паэта ў святле новага часу: кандыдат філалагічных навук, член рэдкалегіі часопіса Мікола ТРУС, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна ЗАПАРТЫКА, кандыдат філалагічных навук Вераніка КУРЦОВА.

Музычным госцем вечара стаў Народны ансамбль цымбалістаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта “Вярба” пад кіраўніцтвам Вольгі АНДРЫЕНКІ. Паэтычнае слова Янкі Купалы ўвасобіў акцёр Ігар ПЯТРОЎ.

Глядзіце ўсю фотасправаздачу.