Конкурс рэцэнзій “Я – тэатрал!”, што праходзіў з 1 студзеня да 30 лістапада 2020 г., быў абвешчаны рэдакцыяй “Роднага слова” ў межах спецыяльнага праекта часопіса, прымеркавана да стагоддзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. У конкурсе ўзялі ўдзел навучэнцы ІХ–ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй і сярэдне-спецыяльнай адукацыі.
Стагоддзе Купалаўскага тэатра стала цудоўнай нагодай не толькі звярнуцца да яго гісторыі і творчай спадчыны, але і паказаць усю каштоўнасць для беларускай культуры гэтай прафесійнай сцэны як асяродка захавання і выхавання нацыянальных традыцый. Апошняе выдатна прадэманстравалі ўдзельнікі конкурсу рэцэнзій “Я – тэатрал!”. Журы вылучыла чатыры найлепшыя працы, іх аўтары і сталі пераможцамі конкурсу:
Анастасія Барцэвіч – ХІ класа ДУА “Сярэдняя школа № 37 г. Гродна” (кіраўнік – Вольга Анатольеўна Карась, настаўнік беларуская мовы і літаратуры першай кваліфікацыйнай катэгорыі). Рэцэнзія на спектакль “Вечар” паводле А. Дударава;
Мікіта Трыфанаў – навучэнец ХІ класа ДУА “Магілёўскае абласное кадэцкае вучылішча (кіраўнік – Алена Анатольеўна Вараб’ёва, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшая кваліфікацыйнай катэгорыі). «“Што пасееш, тое і пажнеш”: рэцэнзія на спектакль па п’есе “Ураджай П. Пражко»;
Яна Смінова – вучаніца ІХ класа ДУА “Нарацкая сярэдняя школа Вілейскага раёна” (кіраўнік – Кацярына Сяргееўна Плёска, настаўнік беларускай мовы і літаратуры). Рэцэнзія «“Паўлінка” Янкі Купалы – усенародная каштоўнасць»;
Лізавета Паслядовіч – вучаніца ХІ класа ДУА “Сярэдняя школа № 189 г. Мінска” (кіраўнік – Наталля Іванаўна Паслядовіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі). Рэцэнзія “Белы прывід чорнай панны”.
Віншуем юных тэатралаў з перамогай і радуемся іх творчай далучанасці да беларускага слова, здольнасці разважаць над сцэнічным творам і суперажываць яго героям. Няхай пра 100-ы сезон любімага тэатра вам нагадваюць атрыманыя дыпломы і памятныя падарункі.