Асабісты кабінет

На мінулым тыдні адзначалася 140-годдзе з дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры – пісьменніка Змітрака Бядулі. У праграмы ўрачыстасцяў, што адбыліся ў вядучых літаратурна-музейных установах сталіцы з удзелам прадстаўнікоў навукова-культурнай грамадскасці, увайшла прэзентацыя красавіцкага нумара навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”, які прапануе чытачам змястоўныя матэрыялы, прымеркаваныя да юбілейнай даты.  

У дзень нараджэння класіка, 23 красавіка, у чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прайшло ўрачыстае мерапрыемства з адкрыццём выставы “Яго багаты плён”, дзе ішла гаворка пра значнасць архіўнай працы для захавання і вывучэння спадчыны пісьменніка. Галоўны рэдактар часопіса Наталля Шапран, прэзентуючы тэматычныя матэрыялы, пазнаёміла з эксклюзіўнай публікацыяй красавіцкага нумара, якая ўводзіць у навуковы ўжытак невядомыя драматургічныя практыкі пісьменніка, а таксама на аснове архіўных дакументаў прапануе разгляд невядомых эпізодаў жыцця і творчасці літаратара.   

24 красавіка памяць класіка беларускай літаратуры ўшаноўвалі  падчас дыялогавай пляцоўкі “Змітрок Бядуля: пісьменнік з душой чулай і паэтычнай”, якая адбылася ў філіяле “Беларуская хатка” Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Яе ўдзельнікі звярталіся да розных аспектаў творчасці юбіляра. Падчас прэзентацыі “Роднага слова” на гэты раз акцэнт быў зроблены на публікацыях, аўтарамі якіх з’яўляюцца настаўнікі-практыкі, бо менавіта яны найперш спрыяюць папулярызацыі спадчыны Змітрака Бядулі.

Гэтую дзейнасць ухваліў і сын пісьменніка – Яфім Самуілавіч Плаўнік, чыя прысутнасць на абодвух мерапрыемствах надала ім асаблівую атмасферу.