Асабісты кабінет

24 лютага адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу эсэ “Адрасы роднага слова”, які праводзіўся да Года гістарычнай памяці па ініцыятыве часопіса “Роднае слова” і газеты “Літаратура і мастацтва” пры падтрымцы выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Праведзены конкурс быў прымеркаваны да юбілейных датаў перыядычных выданняў, якія займаюць значнае месца ў культурна-асветніцкай прасторы сучаснай Беларусі: 35-годдзя з дня заснавання навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”, 90-годдзя – літаратурнай газеты “Літаратура і мастацтва” і 100-годдзя – літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса “Полымя”.

Пераможцаў конкурсу, а гэта 30 старшакласнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, сустракалі ў сталічным Доме літаратара (спіс пераможцаў гл. тут) . Мерапрыемства, прымеркаванае да  Дня роднай мовы, стала запамінальным святам роднага слова: аўтограф-сесія і паэтычныя віншаванні ад пісьменнікаў Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Іны Фраловай, Міхася Пазнякова; уручэнне дыпломаў і памятных падарункаў; прывітальныя словы ад арганізатараў конкурсу – старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча, галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова” Наталлі Шапран, галоўнага рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва” Аляксея Чароты. Гэтае выданне падрыхтавала сюрпрыз для васьмі настаўнікаў – кіраўнікоў нашых пераможцаў, якія атрымалі ў падарунак падпіску на “ЛіМ” у наступным квартале: Ганна Лявонцьеўна Валчаніна, Вараб’ёва Алена Анатольеўна Вараб’ёва, Таццяна Мікалаеўна Кубека, Антаніна Анатольеўна Абрамовіч, Наталля Васільеўна Цецярук, Марыя Аляксандраўна Ліпніцкая, Алена Іванаўна Чайчыц, Марына Юр’еўна Клімец.

Найлепшыя конкурсныя працы, прысвечаныя народным паэтам Беларусі Янку Купалу і Якубу Коласу, адзначылі прызамі дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская і дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс.