ПАЛАЖЭННE
аб конкурсе эсэ “Адрасы роднага слова”
I. Агульныя палажэнні.
Конкурс эсэ “Адрасы роднага слова” (далей – конкурс) праводзіцца ў Год гістарычнай памяці па ініцыятыве часопіса “Роднае слова” і газеты “Літаратура і мастацтва” (далей – арганізатары) пры падтрымцы выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Конкурс прымеркаваны да юбілейных датаў перыядычных выданняў, якія займаюць значнае месца ў культурна-асветніцкай прасторы сучаснай Беларусі: 35-годдзя з дня заснавання навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”, 90-годдзя – літаратурнай газеты “Літаратура і мастацтва” і 100-годдзя – літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса “Полымя”.
Ініцыятыва скіравана на далучэнне школьнікаў (далей – канкурсанты) да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, папулярызацыю і пашырэнне кола чытачоў беларускамоўных выданняў, развіццё творчых здольнасцей вучнёўскай моладзі.
1.1. Задачы конкурсу:
- павелічэнне мэтавай аўдыторыі навуковых і літаратурных выданняў;
- актывізацыя літаратурна-краязнаўчага пошуку;
- інтэграцыя матэрыялаў літаратурнага краязнаўства ў выкладанне дысцыплін гуманітарнага цыкла;
- выяўленне і заахвочванне таленавітых школьнікаў, фарміраванне матывацыі да актыўнай творчай дзейнасці;
- выхаванне павагі да гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі.
1.2. Тэрміны правядзення конкурсу:
пачатак конкурсу – 1 кастрычніка 2022 г.;
заканчэнне прыёму эсэ – 10 студзеня 2023 г.;
падвядзенне вынікаў – да 31 студзеня 2023 г.
ІІ. Удзельнікі конкурсу і ўмовы ўдзелу.
2.1. Удзельнікамі конкурсу могуць быць навучэнцы Х–ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы на конкурс дасылаюць самі ўдзельнікі або педагогі-кіраўнікі.
2.2. На конкурс прымаюцца раней не друкаваныя творчыя работы ў жанры эсэ наступнай тэматыкі:
- творчае асэнсаванне спадчыны беларускіх пісьменнікаў – юбіляраў 2022 г. (Я. Купала, Я. Колас, Я. Брыль, М. Танк, П. Панчанка і інш.);
- знаёмства з жыццём і дзейнасцю літаратараў-землякоў (уражанні ад прачытаных твораў, творчых сустрэч, наведвання выстаў, кніжных экспазіцый і інш.);
- літаратурны партрэт малой радзімы;
- шлях літаратурна-краязнаўчага даследавання: пошукі і знаходкі;
- сучасны літаратурны працэс на старонках навукова-метадычных і літаратурна-мастацкіх выданняў: водгук на прачытаны артыкул, твор.
Мова эсэ – беларуская. Аб’ём твора не павінен перавышаць 5 старонак друкаванага тэксту, або 10 тыс. друкаваных сімвалаў (з прабеламі).
2.3. Пажадана, каб тэкст эсэ быў надрукаваны ў тэкставым рэдактары MSWord. Шрыфт Times New Roman, 14 кегль, інтэрвал 1,5. Параметры старонкі: справа – 10 мм, злева – 30 мм, зверху і знізу – па 20 мм.
2.4. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна падаць заяўку па форме, якая змешчана па спасылцы (гл. QR-код).
Тэкст эсэ далучаецца да заяўкі.
Сваёй заяўкай удзельнік пацвярджае аўтарства і згоду з умовамі правядзення конкурсу.
2.5. Арганізатары маюць права выкарыстоўваць персанальныя даныя ўдзельнікаў конкурсу спосабамі, якія не пярэчаць заканадаўству.
2.6. На конкурс не дапускаюцца работы, пры падрыхтоўцы якіх былі парушаны аўтарскія правы трэціх асоб, а таксама работы, выкананыя метадам кампіляцыі.
2.7. Адказнасць за захаванне аўтарскіх правоў нясе ўдзельнік конкурсу.
ІІІ. Парадак арганізацыі і правядзення конкурсу.
3.1. Журы фарміруюць арганізатары конкурсу.
3.2. Ацэнка конкурсных работ праводзіцца па наступных крытэрыях:
– жанрава-тэматычная адпаведнасць тэме конкурсу;
– сэнсавая цэласнасць, лагічнасць і арыгінальнасць тэксту;
– пісьменнасць, змястоўнасць і творчы падыход.
3.3. Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі арганізатараў.
3.4. Эсэ, дасланыя на конкурс, якія, на думку арганізатараў, уяўляюць творчую каштоўнасць, могуць быць змешчаны ў газеце “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Роднае слова” або на сайтах выданняў. Аўтарскія правы захоўваюцца за аўтарам.
3.5. Вынікі конкурсу будуць апублікаваны ў лютаўскіх нумарах 2023 г. часопіса “Роднае слова”, газеты “Літаратура і мастацтва” і на сайтах выданняў.
IV. Дадатковыя ўмовы.
4.1. У Палажэнне могуць быць унесены змены, якія зацвярджаюцца арганізатарамі.
4.2. Змены ў Палажэнні ўступаюць у сілу з моманту іх размяшчэння на сайтах арганізатараў.
Падрабязна- 19 верасня 2022 17:38:31
-
На старонцы:Показано с 5 по 5 из 20 (всего 20 страниц)