Шаноўныя сябры, мы пачынаем новы год і верым, што ён абавязкова будзе плённым, творчым і яркім. А як жа іначай?.. Акіньце позіркам змест студзеньскіх публікацый, каб падзяліць рэдакцыйную ўпэўненасць: свет роднага слова – бязмежны.
Ужо сёння, гартаючы старонкі свежага часопіса, вы можаце агледзець парад прэм’ерных рубрык, што ўпэўнена пашыраюць далягляды айчыннага мовазнаўства: “Філалогія як сацыяльная семіётыка тэкстаў”, “Крылатыя словы з іншамоўных крыніц”, “Міфы і рэальнасць беларускай арфаграфіі”. Наперадзе і іншыя лінгвістычныя прэм’еры!
У студзеньскім нумары бяруць пачатак новыя гадавыя праекты, а традыцыйныя роднасловаўскія ініцыятывы выходзяць у абноўленым фармаце. Дзякуючы ім штогод у зварот масіравана ўводзяцца матэрыялы навуковых росшукаў і адкрыццяў, узбагачаецца летапіс беларускай культуры. Нашы чытачы першымі знаёмяцца з эксклюзіўнымі знаходкамі даследчыкаў беларускага прыгожа пісьменства і яго гісторыі. Гэты нумар – не выключэнне. Глядзіце, напрыклад, пачатак цыкла публікацый, прысвечаных “калекцыі” графічных партрэтаў Янкі Купалы ды Якуба Коласа. Згубленыя ў віхуры мінулага, выявы беларускіх песняроў вяртаюцца з небыцця ў год, калі будзе адзначацца стагоддзе, як у Беларусі з’явіўся першы народны паэт – Янка Купала.
Традыцыя супольных (хочацца сказаць сяброўскіх) праектаў часопіса з установамі культуры і асветы краіны сёлета набудзе асаблівы архіўна-мемарыяльны водсвет. Адзін з іх – “Лісты на шляхах Перамогі” – прысвечаны 80-годдзю вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Штомесяц чытачы змогуць прачытаць, убачыць, а часам нават і пачуць недрукаваныя раней лісты беларускіх літаратараў часоў Вялікай Айчыннай вайны, што захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Стагоддзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі надало новы імпульс нашаму даўняму і адметнаму супрацоўніцтву: нумар адкрываецца першай публікацыяй супольнага праекта “Бібліятэка: акадэмічны фармат”, які будзе працягвацца праз увесь год.
Да жыццяпісу знакамітых беларускіх літаратараў будзе звернуты яшчэ адзін юбілейны праект, прымеркаваны не толькі да 65-годдзя Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, але і да памятных датаў герояў пэўнага нумара. Першым з іх стаў паэт Мікола Аўрамчык. Дарэчы, пры знаёмстве з дакументальнымі сведчаннямі пісьменніцкага лёсу, змешчанымі на часопісных вокладках, раім не забывацца на магчымасці qr-кодаў – яны дапаўняюць публікацыі і дапамогуць расчытаць рукапісныя радкі, а таксама выкарыстаць іх у дзейнасці педагогаў.
Кожны нумар “Роднага слова” – гэта аўтарытэтная супольнасць аўтараў, шырокая панарама актуальных даследаванняў, прафесійны досвед настаўнікаў. Ды што казаць, сёння бадай няма іншага выдання, якое штомесяц так аб’ёмна прэзентуе айчынную гуманітарыстыку. Чытачу застаецца толькі, вызначыўшы вехі ўласнага зацікаўлення родным словам, зрабіць выбар на карысць публікацыі, якую прачытае найперш.
З павагай,
Наталля ШАПРАН.
- 20 стдзеня 2025 14:02:40
-
На старонцы:Показано с 1 по 1 из 13 (всего 13 страниц)