Да 130-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча
Юбілей Максіма Багдановіча “Роднае слова” сустракае як пэўную вяху ў шматгадовым шчыраванні рэдакцыі на ніве багдановічазнаўства. Тры апошнія дзесяцігоддзі часопіс публікуе матэрыялы, прысвечаныя паэту. Даследчыкі яго жыцця і творчасці прама паказваюць на адметную ролю нашага выдання ў справе асэнсавання і папулярызацыі творчасці беларускага генія.
Сапраўды, за гэты час на старонках часопіса паўстаў падрабязны, у дэталях, даступных сучасным біёграфам, жыццяпіс Максіма. Аўтары каля 150 навукова-пошукавых артыкулаў наблізіліся да спасціжэння спадчыны класіка ў кантэксце сусветнай культуры, а метадычны досвед настаўнікаў не аднаго пакалення, пададзены на старонках “Роднага слова”, застаецца запатрабаваным сярод педагогаў, якія сёння імкнуцца далучыць сваіх выхаванцаў да Багдановічавай ліры.
Часопіс, які вы трымаеце ў руках, працягвае практыку стварэння тэматычных нумароў – своеасаблівых альманахаў, прымеркаваных да адметных падзей у айчыннай культуры. І безумоўна, юбілей адной з самых яркіх постацей беларускага прыгожага пісьменства ХХ стагоддзя – адна з такіх знакавых падзей. Імя Максіма Багдановіча даўно стала сімвалам беларускай літаратуры. З часам яно набыло прыгожае вызначэнне “песняра чыстай красы” і само стала метафарай творчасці і таленту.
Асоба паэта і яго пранізліва трагічны лёс застаюцца прыцягальнымі для нашчадкаў, захопленых яго радком, і год ад году пашыраюць далягляды даследчыцкай увагі. Пра гэта сведчыць і змест гэтага нумара, які выяўляе незвычайную прывабнасць постаці Багдановіча для сучаснай гуманітарыстыкі, і той імпэт, з якім нашы аўтары адгукнуліся на запрашэнне рэдакцыі да ўдзелу ў альманаху. Колькасць дасланых матэрыялаў нават перавысіла запатрабаваны аб’ём. У выніку багдановічаўская тэма будзе працягнута і ў снежаньскім нумары, які выйдзе ў месяц нараджэння паэта. Не прапусціце!
Зрэшты, нашы руплівыя аўтары заўсёды шчодра дзяліліся самымі цікавымі знаходкамі ў сучасным багдановічазнаўстве, а рубрыка «У энцыклапедыю “Максім Багдановіч”», запачаткаваная ў часопісе задоўга да выдання ў 2011 г. гэтага кніжнага рарытэта, не пакідае часопісныя старонкі і сёння. Роднасловаўскі шлях да красы і светласці працягваецца.
Наталля ШАПРАН,
галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”.
- 01 лістапада 2021 14:04:00
-
На старонцы:Показано с 8 по 8 из 12 (всего 12 страниц)