Асабісты кабінет

Cтудзеньскі нумар часопіса заўсёды адметны. Ён ствараецца ў той святочна-мітуслівы пераднавагодні час, калі прынята аглядаць ды падсумоўваць зробленае. А яшчэ – планаваць ды марыць, зазіраючы ў будучыню. 
Мы з удзячнасцю азіраемся на мінулы год – плённы, насычаны, юбілейны… У гэтым нумары пра яго нагадваюць аналітычна-аглядавыя публікацыі (Л. Доўнар, Л. Васюковіч), дзе асэнсоўваецца асветніцкая роля “Роднага слова” ў кніжнай культуры Беларусі. А таксама запатрабаваныя рубрыкі і, вядома, сталыя аўтары, якія застаюцца з намі надалей. Напрыклад, “Арт-лекторый” ад Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Леташняя прэм’ера знойдзе працяг і ў гэтым, юбілейным для ўстановы, годзе. 
Пазнавальныя лагатыпы не толькі мастацкага, але і вядучых літаратурных музеяў краіны пазначаць старонкі “Роднага слова”, прысвечаныя супольным праектам 2024-га. Сярод іх – літаратурна-мастацкая выстава “100 партрэтаў Васіля Быкава”, што рыхтуецца Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры да стагоддзя народнага пісьменніка Беларусі. Маштабная задума музея пачне ўвасабляцца ў часопісным фармаце з першага нумара, набліжаючы для грамадства гэтую важную дату ў гісторыі беларускай культуры. 
Асоба і сусветна вядомая спадчына Васіля Быкава па традыцыі “Роднага слова” ўшануюцца выпускам нумара-альманаха. Ён выйдзе ў маі, напярэдадні не толькі юбілею пісьменніка-франтавіка, але і 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай навалы – як даніна памяці адной з самых трагічных старонак айчыннай гісторыі.
…Наперадзе цэлы год, аднак ужо сёння мы бачым скразныя тэмы ўсіх дванаццаці нумароў “Роднага слова”, найперш звязаныя з асобай творцы: Аркадзь Куляшоў, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Мікола Мятліцкі, Іван Чыгрынаў і інш. Дарэчы, падказка для зацікаўленых чытачоў – знайсці актуальныя даследаванні і патрэбныя метадычныя распрацоўкі, прысвечаныя гэтым і многім іншым класікам беларускай літаратуры, можна ў часопісе за той месяц, на які прыпадае дзень народзінаў пісьменніка. Гэта тычыцца і папярэдніх гадоў, і тых літаратараў, чыя творчасць, незалежна ад памятных і юбілейных датаў, заўсёды застаецца пад увагай нашых аўтараў. Так, напрыклад, традыцыйна самыя цікавыя артыкулы, прысвечаныя Янку Купалу, вы знойдзеце ў ліпеньскім нумары, а Якубу Коласу – у лістападаўскім…
Шаноўныя чытачы! Якой бы яркай ні была палітра публікацый, што чакаюць вас у будучым годзе, яе плён залежыць і ад вашай дзейнай увагі да сучасных даследаванняў, а таксама метадычнага досведу шырокага кола аўтараў часопіса. Давайце разам пашыраць асяродак роднага слова! 
На сёлетняй “карце жаданняў” рэдакцыі – спроба новых форм судзеяння з чытачамі. Ад літаратурна-мастацкіх выстаў і афлайн-лекцый паводле публікацый у “Родным слове” да прафесійных форумаў. Аднак пра гэта – у наступных нумарах і сацыяльных сетках часопіса. 


З павагай, 
Наталля ШАПРАН.

 
  • 23 стдзеня 2024 14:24:46
  • На старонцы:
    Показано с 2 по 2 из 12 (всего 12 страниц)