Асабісты кабінет

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё «“Арт-лекторыя “Роднага слова”». Гэта музейна-часопісны праект, прымеркаваны да 85-годдзя Мастацкага музея і прызначаны папулярызацыі актуальных даследаванняў мастацтвазнаўцаў. У кожным нумары юбілейнага года яны дзеляцца з чытачамі “Роднага слова” ўласным поглядам на гісторыю найбагацейшай мастацкай калекцыі Беларусі.

Цяпер фармат гэтых навуковых публікацый пашыраецца да лекцый у музейнай прасторы, далучыцца да якіх змогуць усе госці музея. На пачатку сустрэчы з прывітальным словам да слухачоў звярнуліся першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Вікторыя Кузьміна і галоўны рэдактар “Роднага слова” Наталля Шапран.

Адкрыла «“Арт-лекторый “Роднага слова”» лекцыя «Скульптура “Укрыжаванне з Галубічаў” са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь: Пытанне паходжання твора»  вядучага навуковага супрацоўніка аддзела старажытнабеларускага мастацтва Станіслава Чавуса, які выступіў з аднайменным артыкулам на старонках красавіцкага нумара “Роднага слова”.

Аповед лектара, які прагучаў пад строгімі позіркамі старажытных экспанатаў і быў прысвечаны таямніцам паходжання аднаго з найбольш каштоўных помнікаў музейнай калекцыі, захапіў слухачоў і выклікаў шматлікія пытанні.