Мінулы тыдзень у краіне прайшоў пад знакам увагі да роднай мовы. Рэдакцыя навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова таксама запрасіла чытачоў і ўсіх аматараў беларускай мовы правесці гэты тыдзень разам.
Прапануем вашай увазе дайджэст падзей, якія адбыліся напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы.
Цэнтральным мерапрыемствам тыдня стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ “Васількоў шапатліваю моваю…”, які “Роднае слова” ладзіла сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і каналам “Культура” Беларускага радыё. Найлепшых юных мовазнаўцаў краіны віталі ў вялікай зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук.
Сёлета на конкурс было пададзена 350 мовазнаўчых даследаванняў з 76 раёнаў Беларусі. Вядучы мерапрыемства, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, адзначыў, што тэматыка работ ахоплівала розныя аспекты вывучэння беларускай мовы – ад лінгвакультуралогіі і лексікалогіі да дыялекталогіі, гісторыі мовы і праблем сучаснага маўлення, а сам конкурс стаў сапраўднай пляцоўкай навукова-даследчай дзейнасці для моладзі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Сцяпанавіч Каранік. Ён падкрэсліў значэнне падтрымкі таленавітай моладзі і асаблівую ролю беларускай мовы як асновы нацыянальнай ідэнтычнасці. Уладзімір Каранік уручыў пераможцам дыпломы I ступені.
У цырымоніі ўзнагароджання таксама ўзялі ўдзел акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, яго намеснік Вольга Сяргееўна Юшкевіч, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Вольга Мікалаеўна Папко, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Мікалаеўна Шапран і намесніка дырэктара канала “Культура” Беларускага радыё Таццяна Багданаўна Гулевіч.
Яркім момантам мерапрыемства стала ўручэнне Гран-пры конкурсу вучаніцы 11 класа ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Бярозаўкі” Сняжане Конан. Яе даследаванне “Як на адной галінцы месцяцца варабей, верабей, гарабей, ці Асаблівасці гаворкі жыхароў горада Бярозаўкі” выконвалася пал навуковым кіраўніцтвам Святланы Вячаславаўны Несцер, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Дарэчы, Святлана Вячаславаўна – сталы аўтар часопіса “Роднае слова”, на старонках якога штомесяц дзеліцца з чытачамі вопытам падрыхтоўкі школьнікаў да ЦЭ.
Святочную атмасферу цырымоніі ўзнагароджання падкрэслілі выступленні музычнай капэлы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, вакальнай групы “Сцежачка”, а таксама паэтычны зварот да прысутных пісьменніка, заслужанага дзеяча Рэспублікі Беларусь Навума Якаўлевіча Гальпяровіча.
У межах Тыдня роднай мовы адбылася і чарговая сустрэча ў «Арт-лекторыі “Роднага слова”». Гэта супольны праект часопіса і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, які ўжо другі год ажыццяўляецца як на старонках выдання, так і ў анлайн-фармаце ў сценах музея. На гэты раз прагучала лекцыя вядучага навуковага супрацоўніка аддзела старажытнабеларускага мастацтва Дзмітрыя Моніча, чыя навуковая публікацыя, прысвечаная новым звесткам з жыцця і творчасці беларускага мастака Яна Дамеля, убачыла свет у студзеньскі нумары “Роднага слова”. Запатрабаванасць такіх “жывых” сустрэч пацвердзіла вялікая колькасць наведвальнікаў, якія мелі магчымасць звярнуцца да лектара з пытаннямі.
Міжнароднаму дню роднай мовы былі прысвечаны і медыйныя мерапрыемствы тыдня. Так, тэмай радыёперадачы “Дыялогі пра культуру” з удзелам галоўнага рэдактара “Роднага слова” Наталлі Шапран на канале “Культура” стаў дэвіз, пад якім працуе рэдакцыя часопіса: “З родным словам па жыцці!”. У традыцыйнай гутарцы з вядучым Навумам Гальпяровічам былі анансаваны супольныя праекты 2026 г. і акрэслена дзейнасць выдання па папулярызацыі беларускай мовы і культуры.
Прэзентацыі “Роднага слова” як універсальнай пляцоўкі для прафесійнага камунікавання быў прызначаны выступ галоўнага рэдактара выдання на круглым стале “Жывое багацце Беларусі: мова заўтрашняга дня праз адукацыю, культуру і тэхналогіі”, які праходзіў 20 лютага ў прэс-цэнтры Дома прэсы. Мадэратарам мерапрыемства выступіў доктар філалагічных навук Віктар Іванавіч Іўчанкаў. Паслухаць абмеркаванне надзённых для грамадства пытанняў, звязаных з існаваннем роднай мовы, можна тут.
360.jpg)





















