Асабісты кабінет

У апошні сакавіцкі дзень у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося прэзентацыйнае мерапрыемства «Вясновыя перазовы: Жанчыны-творцы на старонках сакавіцкага нумара “Роднага слова”», якое ладзілася ў межах музейнага праекта “Літаратурная брама XXI стагоддзя”. З прывітальным словам да гасцей звярнулася намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова.

Падчас імпрэзы прысутныя даведаліся пра сёлетнія праекты часопіса, многія з якіх ажыццяўляюцца ў кантэксце галоўнай тэмы 2026-га, абвешчанага Годам беларускай жанчыны.
Удзельнікамі  “Вясновых перазоваў” сталі аўтары сакавіцкага нумара –  даследчыкі, кандыдаты філалагічных навук Мікола Трус, Міхал Бараноўскі, Ірына Шматкова, Алена Марозава; загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Музейныя ўстановы, з якімі  “Роднае слова” яднаюць супольныя асветніцкія ініцыятывы, прадставілі намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Алеся Іназемцава і загадчык навукова-метадычнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Настасся Трафімчык. 

Мерапрыемства прайшло ў атмасферы суладнасці музаў: свае вершы чыталі гераіні сакавіцкага нумара Ірына Багдановіч і Людка Сільнова, гучала вясновая музыка ў выкананні ансамбля флейтыстаў “Флюід”, дэманстраваліся мастацкія творы з часопісных публікацый, а таксама літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Мелодыя жаночай душы” з калекцый Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Дзякуем калегам за гасціннасць і аднадумства!