Сумная вестка прыйшла ў рэдакцыю часопіса “Роднае слова”: не стала нашага добрага сябра, надзейнага дарадцы, адданага ўсім сэрцам айчыннай культуры, Анатоля Васільевіча Статкевіча-Чабаганава.
26 сакавіка 2019 года пасля цяжкай невылечнай хваробы ён пайшоў з жыцця, пакінуўшы столькі планаў і ненапісаных кніг, столькі новых праектаў…
Нарадзіўся Анатоль Васільевіч Чабаганаў 8 лістапада 1946 года ў вёсцы Засмужжа Любанскага раёна Мінскай вобласці. З залатым медалём закончыў Любанскую сярэднюю школу.
Пасля заканчэння ў 1971 годзе Ленінградскага інстытута дакладнай механікі і оптыкі па спецыяльнасцях “Электронныя вылічальныя машыны”, “Сістэмы кіравання балістычнымі ракетамі падводных лодак” атрымаў званне старшага лейтэнанта запасу Ваенна-марскога флоту. Працаваў на абаронным прадпрыемстве УНВА “КАСКАД”, галоўным інжынерам навукова-вытворчага аб’яднання “НІВА”, начальнікам Глаўка Дзяржаграпрама БССР, старшынёй праўлення Беларускай аграпрамысловай біржы.
Вучыўся ў Вышэйшай школе кіравання пры АПК СССР у Маскве, у Школе сусветнай эканомікі і англійскай мовы ў г. Борнмут (Англія). З’яўляўся старшынёй назіральнага савета групы кампаній “Стецкевич”.
Нашчадак старажытнага шляхецкага роду, даследчык беларускай культуры, аўтар серыі кніг пад агульнай назвай “Я – сын Ваш: Летапіс беларускай шляхты”, выданне якіх здзяйснялася па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.
З 2011 да 2018 года кнігі Анатоля Статкевіча-Чабаганава выходзілі ў выдавецтве “Беларуская Праваслаўная Царква” – на рускай мове, у рэдакцыі часопіса “Роднае слова” – на беларускай. Усяго выйшла 7 грунтоўных тамоў, з якіх чытачы даведаліся пра жыццёвы шлях прадстаўнікоў старажытных шляхецкіх родаў Беларусі, сярод іх Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба “Касцеша”, Карафа-Корбуты герба “Корчак”, Некрашэвічы герба “Любіч”, Татуры герба “Данброва”, Сеўрукі герба “Курч”, Кернажыцкія герба “Юноша”, Маствіловічы герба “Даленга”, Арцішэўскія герба “Роля”, Сыцько герба “Астоя”, Казановічы герба “Гржымала”, Тычыны гербаў “Тучынскі” і “Тржаска”, Ждановічы-Гурыновічы герба “Любіч”, Забэлы герба “Тапор”, Глінскія, Ліхадзееўскія, Глінскія-Ліхадзіеўскія гербаў “Глінскі”, “Ястрабец”, “Ясенчык”; мяшчанскія роды Казанкіны і Чабаганавы і інш.
З вялікай павагай згадаў Анатоль Статкевіч-Чабаганаў у сваім даследаванні “З гісторыі вёскі Засмужжа Любанскага раёна” знакамітага мастака любанскай зямлі Паўла Марціновіча, родную вёску Засмужжа, дзе прайшло дзяцінства даследчыка, землякоў, іх няпростыя жыццёвыя лёсы ў віхуры станаўлення савецкай улады, падзей калектывізацыі, сталінскіх рэпрэсій, перыяду Вялікай Айчыннай вайны, адбудоўвання сельскай гаспадаркі ў пасляваенныя часы.
Анатоль Васільевіч верыў, што яго роднае Засмужжа “не знікне пад цяжарам часу, а кніга, прысвечаная роднай вёсцы, стане яе своеасаблівым летапісам”. У прадмове да выдання старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў адзначаў, што “кожны новы том заснаванай аўтарам серыі – значная падзея ў жыцці краіны”.
Многія гады Анатоль Васільевіч займаўся даследаваннем уласнага роду. І гэтае даследаванне, як згадваў сам аўтар, з часам перарасло ў вывучэнне гісторыі Айчыны. За гады самаадданай працы вывучана больш за 40 старажытных шляхецкіх родаў…
“Рака мая! Радавод мой! Вы не канулі ў Лету! Лёсу было неабходна, каб я стаў летапісцам вашым”, – прызнаваўся Анатоль Васільевіч, які сваім грунтоўным генеалагічным даследаваннем вярнуў нас, беларусаў, да родавай памяці. Асноўнай духоўнай справай жыцця па стварэнні кніжнай энцыклапедыі па генеалогіі не толькі свайго роду, але і беларускай шляхты, ён паказаў кожнаму з нас прыклад любові і павагі да ўласных продкаў, да ўласнай сям’і, да родных каранёў.
Летапісам-гімнам роднай зямлі, яе шматвекавой гісторыі і простым, звычайным і знакамітым людзям сваёй Айчыны сталі кнігі “Я – сын Ваш” Анатоля Статкевіча-Чабаганава, за што руплівы даследчык і захавальнік айчыннай культурнай спадчыны атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Даследаванне Анатоля Статкевіча-Чабаганава было высока ацэнена вядомымі айчыннымі і замежнымі вучонымі, творчай грамадскасцю.
У артыкуле “Карані і крона радаводнага дрэва: Развагі з нагоды выхаду кнігі Анатоля Статкевіча-Чабаганава” доктар філалагічных навук прафесар Алесь Бельскі гаворыць пра выдатны прыклад, узор спасціжэння мінулага свайго роду, адраджэння і захавання родавай памяці, што прадэманстраваў вядомы даследчык і пісьменнік: «“Я – сын Ваш”, – прамаўляе аўтар кнігі, і ўсім багатым зместам, ашчадным стаўленнем да кожнага дакумента і факта з гісторыі сям’і і свайго роду даводзіць: я не страціў пачуцця крэўнасці з Вамі, мае продкі, і пачуцця адказнасці за свой род, імкнуўся быць вартым памяці дзядоў і прадзедаў, не зрабіў нічога, што прынесла б сорам і ганьбу. “Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы” – з такімі словамі звяртаецца А. Статкевіч-Чабаганаў да чытача. Думаецца, гэты заклік-просьба адрасуецца найперш моладзі, тым, хто яшчэ толькі выйшаў на жыццёвы прасцяг. І на такі зварот аўтар мае поўнае права: ён пражыў адносна немалы па сучасных мерках век, лёс яго прыводзіў у іншыя краіны, ён працаваў на розных пасадах у галіне вытворчасці, займаўся бізнесам, ён выгадаваў дзяцей, убачыў жыццё і свой край здалёк ды зблізку. Раз і назаўсёды прыйшло ўсведамленне часовага і вечнага, сапраўднага і ўяўнага, з’явілася глыбокае перакананне, што сям’я і твой род – гэта трывалы грунт пад нагамі, надзейнае апірышча ў любой жыццёвай сітуацыі, штодзённым віры спраў і клопатаў, гэта мацярык-планета ў стыхіі часу».
Больш як тры гады на старонках “Роднага слова” ў рубрыцы “Вяртанне да вытокаў” выходзілі матэрыялы даследчыка і вялікага рупліўца, клапатлівага зберагальніка айчыннай культуры Анатоля Статкевіча-Чабаганава.
Увага да гістарычнага мінулага сваёй краіны, павага да ўласных каранёў нашай моладзі, якая выхоўвалася ў тым ліку і на матэрыялах Анатоля Статкевіча-Чабаганава, змешчаных у часопісе “Роднае слова”, прывялі да ідэі абвяшчэння і правядзення часопісам рэспубліканскіх конкурсаў навукова-даследчых і творчых работ навучэнцаў, студэнтаў, усіх зацікаўленых “Памяць роду – мінулае вачыма сучасніка” і “Тут родныя трымаюць карані”, у якіх брала ўдзел моладзь і зацікаўленыя дарослыя з усіх рэгіёнаў краіны. Анатоль Васільевіч самым непасрэдным чынам удзельнічаў у гэтых рэспубліканскіх конкурсах і як член журы, і як фундатар. І вельмі радаваўся, што яго справа па выхаванні моладзі ў павазе да продкаў і мінулага ўласнага роду знаходзіць такі ўдзячны водгук у паслядоўнікаў.
Сумленны, інтэлігентны, светлай душы Чалавек, шчыры сын беларускай зямлі, які многае зрабіў для захавання беларускай культуры, для вяртання забытых імёнаў.
“Роднаму слову” было надзейна і ўтульна побач з такім Чалавекам, які на справе падтрымліваў і часопіс, і нас, роднасловаўцаў, у самыя розныя часы. Ён быў побач з намі, перажываў і хваляваўся за нас у няпросты для выдання перыяд; ён быў побач у шчаслівыя для часопіса юбілейныя дні, калі мы адчувалі сваю неабходнасць і знакавасць у медыйнай прасторы не толькі нашай краіны, але і замежжа…
У Анатоля Васільевіча было столькі планаў, столькі задум… Але лёс распарадзіўся па-свойму.
28 сакавіка 2019 года мы развіталіся з верным сябрам часопіса “Роднае слова”…
Нізкі паклон Анатолю Васільевічу Статкевічу-Чабаганаву за шматгадовае супрацоўніцтва, за падтрымку словам і справаю, за клопат пра беларускую культуру.
І няхай наша беларуская зямля, якую ён любіў і шанаваў як родны сын, стане для яго пухам, а магутны Божа падрыхтуе для яго Царства Нябеснае. Верым, што справа, распачатая Анатолем Васільевічам, знойдзе годны працяг у нашчадкаў.
Зоя ПАДЛІПСКАЯ і калектыў рэдакцыі часопіса “Роднае слова”.