«“Сумоўя аснова – жывое слова…”: Феномен навукова-асветніцкай традыцыі часопіса “Роднага слова”». Пад такой назвай у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 3 сакавіка адбыўся ўрачысты круглы стол, прымеркаваны да 35-годдзя з дня выхаду ў свет навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”. У мерапрыемстве, скіраваным на асэнсаванне адметнай ролі выдання ў культурнай прасторы сучаснай Беларусі, узялі ўдзел прадстаўнікі навуковай і літаратурна-выдавецкай грамадскасці.
Гісторыя “Роднага слова” багатая на славутыя імёны суайчыннікаў: падчас круглага стала экспанаваліся ўнікальныя аўтографы-прысвячэнні часопісу класікаў беларускага прыгожага пісьменства.
Мадэратарам круглага стала выступіла галоўны рэдактар часопіса Наталля Мікалаеўна Шапран: «Часопіс “Роднае слова” займае ўнікальную нішу сярод выданняў навукова-адукацыйнага кірунку. Нам падалося, што 35-годдзе – добрая нагода, каб паглядзець на пройдзены шлях. Найперш з удзячнасці да стваральнай працы не аднаго пакалення роднасловаўцаў. Сёння будзе часта гучаць слова “традыцыя” – не сакрэт, што ў свой час многія выданні ствараліся па мадэлі нашага часопіса, які быў адным з першых у гісторыі незалежнай Беларусі. Магчыма, мы толькі акрэслім гэты феномен. А таксама раскрыем некаторыя прафесійныя сакрэты, якімі змогуць скарыстацца нашы маладзейшыя калегі – традыцыя павінна працягвацца…»
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся Віктар Вікенцьевіч Пшыбытка – намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, з якой часопіс звязвае плённае супрацоўніцтва.
З экскурсам у гісторыю выдання выступіў старшыня рэдкалегіі “Роднага слова”, доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Іванавіч Бельскі, які падкрэсліў заўважную пазітыўную ролю часопіса ў аб’яднанні навуковых і творчых сіл вакол ідэй і каштоўнасных арыентацый, звязаных з папулярызацыяй літаратурнай класікі, культурнай спадчыны і народных традыцый, выхаваннем любові да роднага слова і нацыянальнага прыгожага пісьменства.
“Роднае слова” – выданне, якое садзейнічае фарміраванню навуковай эліты краіны: толькі за апошнія тры гады было апублікавана больш за 150 даследаванняў дактароў навук, больш за 400 – кандыдатаў навук, а таксама больш за 300 артыкулаў маладых навукоўцаў. Значэнне часопіса як запатрабаванай пляцоўкі камунікавання навуковай грамадскасці ў сваіх выступленнях акрэслілі прадстаўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Васільевіч Саверчанка і кандыдат філалагічных, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў.
Часопіс “Роднае слова” – адзінае штомесячнае беларускамоўнае выданне, якое комплексна прэзентуе самыя актуальныя даследаванні навукоўцаў краіны ў галіне філалогіі, мастацтвазнаўства, культуралогіі і педагогікі. З 2019 г. выданне працуе ў складзе РУП «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”». Дырэктар выдавецтва Валянцін Янавіч Навагродскі адзначыў творчы патэнцыял калектыву і ўзнагародзіў супрацоўнікаў рэдакцыі ганаровымі граматамі за значны ўклад у развіццё часопіса, шматгадовую дабраякасную і плённую працу і ў сувязі з 35-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара часопіса “Роднае слова”.
“Роднае слова” выконвае важную місію ў крытычным асэнсаванні сучаснага літаратурнага працэсу і рэгулярна друкуе матэрыялы, якія не проста знаёмяць з дзейнасцю літаратараў-сучаснікаў, а ўводзяць іх творчасць у навуковы кантэкст, а таксама з’яўляюцца метадычнымі распрацоўкамі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў. Толькі за апошнія гады было апублікавана больш за 70 падобных прац, якія папулярызуюць творчасць пісьменнікаў – членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэта асабліва важна для педагогаў-славеснікаў, якія ў сваёй дзейнасці павінны абапірацца на навукова абгрунтаваны матэрыял. Да гэтага аспекту дзейнасці часопіса ў сваім выступленні звярнуўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч, ён таксама падкрэсліў значнасць творчых і навукова-даследчых конкурсаў для патрыятычнага выхавання вучнёўскай моладзі, якія шмат гадоў праводзіць рэдакцыя “Роднага слова”. За значны ўклад у развіццё беларускай культуры калектыў часопіса “Роднае слова” ўзнагароджаны Граматай грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Прадстаўнікі ўніверсітэцкай супольнасці прааналізавалі досвед шматгадовага супрацоўніцтва з часопісам і яго ролю ў падтрымцы навуковых кадраў у галіне беларускай філалогіі. У круглым стале ўзялі ўдзел дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Сяргей Аляксандравіч Важнік; дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, доктар філалагічных навук, прафесар Васіль Дзянісавіч Старычонак; прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук Віктар Іванавіч Іўчанкаў.
Сучасная канцэпцыя “Роднага слова” пачала фарміравацца яшчэ ў мінулым стагоддзі намаганнямі першага галоўнага рэдактара Міхася Мікалаевіча Шавыркіна. Сёння выданне працягвае рэалізоўваць культурацэнтрычны падыход у выкладанні сацыяльна-гуманітарных дысцыплін, закладзены ў палажэннях Адукацыйнага стандарту і вучэбных праграмах, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта стала тэмай выступлення доктара педагагічных навук, намесніка дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольгі Уладзіміраўны Зелянко. За плённую працу ў галіне беларускай адукацыі, навукі і нацыянальнай культуры, за прапаганду прадуктыўных метадычных ідэй, якія забяспечваюць павышэнне прафесійнага майстэрства педагогаў, выхаванне патрыётаў і грамадзян часопіс “Роднае слова” ўзнагароджаны граматай Нацыянальнага інстытута адукацыі.
Намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат філалагічных навук Ірына Браніславаўна Лапцёнак вылучыла ў сучаснай дзейнасці часопіса сацыяльна значныя праекты, якія адпавядаюць прыярытэтам нацыянальнай адукацыі і культуры, скіроўваюць увагу грамадства на знакавыя падзеі і асобаў у айчыннай гісторыі, спрыяюць патрыятычнаму выхаванню моладзі і забяспечваюць мэтавую аўдыторыю актуальнымі тэарэтыка-практычнымі матэрыяламі.
Адметную ролю “Роднага слова” сярод навуковых СМІ адзначылі члены рэдкалегіі часопіса і яго сталыя аўтары: доктар філалагічных навук, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч, доктар філалагічных навук Вячаслаў Пятровіч Рагойша.
Падчас круглага стала прагучаў віншавальны адрас ад калектыву Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, а таксама былі ўручаны падзякі “Роднага слова” за плённае супрацоўніцтва з часопісам на ніве гманітарна-асветніцкага выхавання і ў сувязі з 35-годдзем выдання Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа, Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы. Падзякі часопіса атрымалі і яго сталыя аўтары: кандыдат філалагічных навук Мікалай Валянцінавіч Трус, кандыдат філалагічных навук Вераніка Мікалаеўна Курцова, кандыдат філалагічных навук Віктар Вячаслававіч Жыбуль, кандыдат філалагічных навук Алена Міхайлаўна Багамолава, настаўнік-метадыст, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі Мікалай Іванавіч Навумчык, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі СШ № 16 г. Мазыра Яўген Валер’евіч Есісу, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Лапіцкай СШ, педагог дадатковай адукацыі Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Леанід Валер’евіч Бязручка.
Фіналам мерапрыемства сталі паэтычныя радкі, ахвяраваныя часопісу, якія прагучалі з нагоды яго 35-годдзя: верш Віктара Шніпа “Роднае слова” і святочнае пажаданне Алены Багамолавай –
Няхай квітнее элітнае саслоўе –
Роднасловаўцаў сумоўе!
Традыцыя працягваецца.