Незвычайным для навуковага СМІ фарматам правядзення здзівіла гасцей святочная прэзентацыя мастацка-асветніцкіх праектаў часопіса “Роднае слова”, якая адбылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Падчас мерапрыемства ішла гаворка пра сумесныя ініцыятывы, што ажыццяўляюцца ў кожным нумары навуковага і метадычнага выдання і набліжаюць да спасціжэння жаночай мудрасці, таленту і прыгажосці праз мастацтва.
Наведвальнікі пазнаёміліся з мастацкім лагатыпам, які сёлета пазначае старонкі публікацый, прымеркаваных да Года беларускай жанчыны. У яго аснову легла праца маладой беларускі, мастачкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Кацярыны Масэ. Яе сучаснае асэнсаванне традыцыйнага мастацтва беларускай выцінанкі, якая аднесена ЮНЕСКА да нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, нібы сімвалізуе стваральную моц жанчын ХХІ стагоддзя. Гэтая тэма стала лейтматывам усёй прэзентацыі.
Праект “Пакуль ты ёсць – працяг наш будзе віцца: Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі да Года беларускай жанчыны”, прэм’ера якога адбылася ў сакавіцкім выпуску “Роднага слова” і была прысвечана сучаснай жаночай паэзіі, прадставіла дырэктар установы, доктар мастацтвазнаўства Вольга Папко.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь выступае на старонках часопіса з праектам “Лучнасць музаў: літаратурная спадчына і выяўленчае мастацтва”. Падчас мерапрыемства экспанаваўся твор, які належыць да залатога фонду гэтай установы і захоўвае вобраз адной з самых нязломных беларусак ХХ ст.: жывапісны партрэт Арыядны Казей, створаны мастачкай Лідзіяй Эрлер. Пра яго расказаў галоўны захавальнік цэнтра і аўтар публікацыі ў лютаўскім нумары “Роднага слова” Алег Ладзісаў.
Тэму жыццесцвярджальнай жаночай творчасці працягнуў паказ калекцыі строяў “Беларуская маляванка” (аўтар Ірына Князева). Яе прадэманстравалі ўдзельнікі мадэльнай студыі “Рэальны ўзрост”, якім гледачы наладзілі сапраўдныя авацыі.
Супрацоўніцтва часопіса з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь сёлета працягвае штомесячная рубрыка “Архітэктурная спадчына”, якая набыла выразны водсвет жаночай творчасці, а таксама “Арт-лекторый”, аўтары якога часта звяртаюцца да жаночых вобразаў у нацыянальным мастацтве. Плённасць такога ўзаемадзеяння адзначыла загадчык навукова-метадычнага аддзела Нацыянальнага мастацкага музея і нязменны куратар сумесных праектаў музея і часопіса Настасся Трафімчык.
Запамінальнай часткай прэзентацыі стала праграма “Музычнай капэлы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, падчас якой гучалі народныя вяснянкі і песні беларускіх кампазітараў, а на экране “ажывалі” вобразы выцінанак.
360.jpg)


















