Асабісты кабінет

Па запрашэнні Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы” часопіс “Роднае слова” стаў удзельнікам мерапрыемства, прымеркаванага да Дня беларускага пісьменства. Яго трансляцыя адбылася 7 кастрычніка на канале “Культура.РФ” і даступная для прагляду на старонцы Усерасійскай дзяржаўнай бібліятэкі замежнай літаратуры імя М. Рудаміно.

Галоўны рэдактар навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран прэзентавала гледачам публікацыі спецыяльнага праекта, падрыхтаванага да Дня беларускага пісьменства, які выйшаў у жнівеньскім нумары выдання і ў гэтым годзе прысвячаўся знакавай падзеі айчыннай культуры – 500-годдзю выдання паэмы “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага. Яго склалі артыкулы даследчыкаў, якія бачылі арыгінал кнігі на ўласныя вочы; галерэя вобразаў твора, увасобленых сучаснымі мастакамі; метадычныя рэкамендацыі навукоўцаў і распрацоўкі настаўнікаў-практыкаў.

Гэта не першы досвед супрацоўніцтва рэдакцыі “Роднага слова” і Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Масквы”, прызначанага папулярызацыі беларускай культуры. Ужо ў першыя суткі колькасць праглядаў гэтага мерапрыемства на канале “Культура.РФ” дасягнула 100 тысяч.

У праграму сустрэчы, што праходзіла ў Цэнтры славянскіх культур Усерасійскай дзяржаўнай бібліятэкі замежнай літаратуры, увайшлі паведамленні, прысвечаныя гісторыі і асобам беларускага  прыгожага пісьменства, падрыхтаваныя студэнтамі-філолагамі і выкладчыкамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Ламаносава. Маскоўскія школьнікі чыталі паэтычныя творы на беларускай мове. Гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з дакументальным фільмам пра Францыска Скарыну.