На Гомельшчыне адбылася незвычайная прэзентацыя часопіса “Роднае слова”, гісторыя якой пачалася… 13 гадоў таму.
Яе героем стаў наш сталы аўтар – Яўген Есіс, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 г. Мазыра. Сёлета Яўген Валер’евіч актыўна падтрымаў часопісны праект “Метадычны марафон”, прымеркаваны да Года якасці. Яго вынікі прэзентаваліся ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
Пра адметны вопыт мабільнага ўзаемадзеяння з аўтарамі-педагогамі, чые метадычныя распрацоўкі дапаўняюць тэматычныя раздзелы часопісных нумароў, удзельнікам абласнога семінара настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры расказала галоўны рэдактар “Роднага слова” Наталля Шапран. А Яўген Есіс падзяліўся з калегамі ўласным досведам супрацоўніцтва з рэдакцыяй: яго плёнам сталі больш за 50 публікацый, першая з іх з’явілася 13 гадоў таму, калі аўтар толькі станавіўся на шлях настаўніцтва. Сёння ён настаўнік кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, фіналіст конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. У паведамленні «Выкарыстанне матэрыялаў навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” ў адукацыйным працэсе» Яўген Валер’евіч не толькі асэнсаваў значнасць часопісных публікацый у прафесійнай дзейнасці педагогаў, але і прадэманстраваў гэта на канкрэтных прыкладах.
Працягам гутаркі пра традыцыі і патэнцыял прафесійнага ўзаемадзеяння ў фармаце навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” сталі выступленні навукоўцаў-філолагаў – прадстаўнікоў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны: дэкана філалагічнага факультэта кандыдата філалагічных навук Алены Палуян і загадчыка кафедры беларускай літаратуры прафесара Івана Штэйнера.