Асабісты кабінет

Дыхайце вольна, нязмушана, таленавіта!

Шаноўныя сябры!

Вы трымаеце ў руках вераснёўскі нумар “Роднага слова”, якім мы разам з вамі пачынаем новы навучальны год.

Верасень – цікавы, незвычайны месяц. Ён яшчэ дорыць летняе цяпло, але ўжо мякка кранае наваколле восеньскімі фарбамі. Яшчэ поўніцца летнімі ўспамінамі, але ўцягвае, акунае ў імклівы вір працоўных клопатаў. Пачатак восені – асаблівы час для вас, нашы аўтары і чытачы – найперш настаўнікі, выкладчыкі, вучні і студэнты.

І для нас, роднасловаўцаў, безумоўна…

У жніўні часопіс “Роднае слова” ўвайшоў у склад РУП «Выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”», дзе мы і далей будзем рыхтаваць для вас наша навуковае і метадычнае выданне. А гэта значыць, што на яго старонках па-ранейшаму будуць з’яўляцца матэрыялы, прысвечаныя найноўшым даследаванням у літаратуразнаўстве, мовазнаўстве, педагогіцы, мастацтвазнаўстве і культу­ралогіі.

Публікацыі нашых аўтараў-навукоўцаў – грунтоўная падтрымка на шляху прафесійнага ўдасканалення для кожнага настаўніка. Не выпадкова мы прэзентуем “Роднае слова” як навуковае выданне.

Наш часопіс – неабходны, найкарыснейшы спадарожнік усім, хто навучае і навучаецца роднаму слову, хто цікавіцца нацыянальнай культурай і яе гісторыяй, бачыць іх важнасць у выхаванні, хто не забываецца пра самаадукацыю і не спыняецца ў развіцці. Мы імкнёмся, каб кожны нумар быў пляцоўкай для абмену вопытам, крыніцай новых ведаў, сродкам прафесійнага натхнення. Чытайце “Роднае слова”, каб ведаць, што адбываецца ў сучаснай філалагічнай навуцы, узбагачацца яе здабыткамі і трансляваць іх сваім выхаванцам.

Адзін з галоўных клопатаў рэдакцыі – прэзентацыя педагагічнага вопыту настаўнікаў: найлепшыя распрацоўкі вашых урокаў і пазакласных мерапрыемстваў паспрыяюць прафесійнаму станаўленню маладзейшых калег, а больш дасведчаным дапамогуць сцвердзіцца як майстрам сваёй справы і творчым асобам. Таму мы запрашаем чытачоў да больш актыўнага супрацоўніцтва.

Верасень раскашуе, вабіць, заклікае…

Штогод у гэтую пару мы з вамі пачынаем новае падарожжа па такой знаёмай, уздоўж і ўпоперак ходжанай, і ўсё ж нязнанай, нязведанай Краіне Ведаў.  

Яно бывае нялёгкае, тое падарожжа. Напружанае, з памылкамі і знаходкамі, паразамі і перамогамі. Яно патрабуе волі, розуму ды сумлення. Вымагае высілкаў і адданай працы. Яно няпростае – ды заўсёды святочнае! Варта папытацца пра тое хаця б у нашых маленькіх выхаванцаў-школьнікаў – іх вераснёўскія ўсмешкі на гарадскіх і вясковых вуліцах нібы прадчуваюць гэтае свята.

Напярэдадні Дня настаўніка віншуем усіх, хто разам з намі распачынае гэты новы навучальны год. Моцнага здароўя вам і творчага плёну! І радасці спазнання новага – радасці жыцця!

Будзем жа сеяць, сябры, Разумнае, Добрае, Вечнае!

Шчыруйце ў творчасці, шукайце, знаходзьце, дыхайце вольна, нязмушана, таленавіта. А ўдзячнае “Роднае слова” і надалей застанецца вашым надзейным сябрам і памочнікам.

 

З павагай        Наталля ШАПРАН