Асабісты кабінет

Пад знакам кніжнай айкумены

Сябры! З радасцю вітаю вас у новым годзе і дзякую за наша сяброўства. Перакананая, у “Роднага слова” няма выпадковых чытачоў, нас абіраюць тыя, хто знаёмы з фарматам выдання і бачыць у ім добрага дарадцу і цікавага суразмоўцу. Працуючы над тэмамі будучых публікацый, мы імкнемся да абавязковай сугучнасці вашым прафесійным зацікаўленням. Шырыня ж вашых актуальных запатрабаванняў, у сваю чаргу, акрэслівае змест часопіса.
Гэты год для “Роднага слова” будзе доў­жыцца пад знакам адметнай для айчыннай культуры падзеі – 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Сёння бібліятэка – сімвал беларускай кніжнасці і культавае месца для кожнага гуманітарыя – не толькі асяродак захавання кніжнай спадчыны, але і цэнтр навукова-асветніцкай дзейнасці, без якога цяжка ўявіць культурную прастору сучаснай Беларусі.
Юбілей “нацыяналкі”, як ласкава называе галоўную бібліятэку краіны не адно пакаленне чытачоў, – добрая нагода яшчэ раз звярнуцца да скарбаў нашага пісьменства, асэнсаваць традыцыі і адметнасць беларускай Кнігі, дакрануцца да гісторыі і таямніц найстарэйшага кнігасховішча, даведацца пра цікавосткі кнігазбораў сучасных літаратараў і пісьменнікаў-класікаў.
Сёлетні часопісны праект будзе здзяйсняцца пад назвай “І мудрасці, і ведаў храм: Да 100-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. Разам з нашымі аўтарамі мы паспрабуем акрэсліць ролю бібліятэк у асветніцкай дзейнасці педагогаў, навукоўцаў, літаратараў ды іншых дзеячаў інтэлектуальнай сферы. Гарадская, сельская, грамадская, прыватная, школьная, дзіцячая, навуковая ды іншыя беларускія бібліятэкі – не проста пункты канцэнтрацыі кніжнай айкумены. Усе яны сёння – і папяровая, і нават віртуальная – існуюць пад сімвалічнай эгідай нашай Нацыянальнай. У добрым разуменні і кожная хатняя кніжніца павінна быць у яе ўлонні. “Мая радзіма там, дзе мая бібліятэка”, – сцвярджаў Эразм Ратэрдамскі. А многія, многія з нас шчыра пацвердзяць: “Не толькі радзіма, але і мой дом!” Нашу з вамі супольнасць прадвызначае агульная кніжная культура. Старажытная і багатая. Нават некалькі выданняў на хатняй паліцы – ужо бібліятэка… Ці яшчэ не? Магчыма, і на свой сціплы ці багаты кнігазбор варта паглядзець іншымі вачыма?
Давайце скарыстаемся дапамогай аўтараў часопіса – зручнай нагодай упарадкаваць наш сакральны кніжны кут, узбагаціць і ўпрыгожыць яго.

Наталля ШАПРАН, 
галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”.