Асабісты кабінет

 

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі сустрэла 100-гадовы юбілей міжнародным форумам аднадумцаў – навукова-практычнай канферэнцыяй “Навука. Бібліятэка. Інфармацыя”.

На пленарным пасяджэнні канферэнцыі, якое адбылося ў Прэзідыуме НАН Беларусі, гучалі ўрачыстыя словы віншаванняў ад прадстаўнікоў навукова-асветніцкіх устаноў краіны і замежжа. У дакладзе дырэктара бібліятэкі Станіслава Юрэцкага і паведамленнях шматлікіх ганаровых гасцей адлюстраваліся вехі слаўнай гісторыі, прафесійныя здабыткі, традыцыі, шырокая панарама дзейнасці і культурных стасункаў ЦНБ НАН Беларусі.

«Працягам плённага ўзаемадзеяння бібліятэкі і “Роднага слова” стаў супольны праект юбілейнага года “Бібліятэка: акадэмічны фармат”, прэзентаваны чытачам у студзеньскім нумары», – адзначыла ў прывітальным слове галоўны рэдактар часопіса Наталля Шапран.

Спадзяёмся, супольны праект стане сапраўдным падарункам навуковай грамадскасці, бо спрыяе новаму прачытанню старонак жыцця і творчасці класікаў беларускага прыгожага пісьменства.

Асэнсаванне роднасловаўскіх традыцый узаемадзеяння з “прасторай кнігі” прагучала ў дакладзе «Бібліясфера ў медыйным фармаце: з досведу навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова”», з якім галоўны рэдактар выдання выступіла падчас працы канферэнцыі на секцыі “Навукова-даследчая, навукова-метадычная і навукова-арганізацыйная дзейнасць бібліятэк”.