У Нацыянальным мастацкім музеі адбылося фінальнае мерапрыемства праекта, які на працягу года ўвасабляўся ў кожным нумары часопіса “Роднае слова” як асобны раздзел пад назвай “І мудрасці, і ведаў храм: Да стагоддзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”.
Гэта быў цікавы досвед творчага супрацоўніцтва, а яго вынікі невыпадкова падводзіліся менавіта ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея, бо візуальнай падтрымкай праекта сталі творы са збору музея, аб’яднаныя эпіграфічнымі словамі Францыска Скарыны: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца ведаў, мудрасці і навукі, лекі для душы”.
На ўрачыстай частцы мерапрыемства праект прэзентавалі галоўны рэдактар “Роднага слова” Наталля Шапран, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай працы Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Анэйка і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка. З прывітальным словам да прысутных звярнулася Міраслава Шавыркіна, першы намеснік дырэктара выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, якая ўручыла падзякі партнёрам за плённае супрацоўніцтва ў межах праекта.
Дзякуем за ўдзел у круглым стале “Нomo legens: чалавек, які чытае, і яго вобраз у сучаснай культуры” гасцям мерапрыемства, якія яшчэ раз звярнуліся да ролі кнігі ў нашым грамадстве: доктару філалагічных навук, дырэктару Інстытута літаратуразнаўства ім Янкі Купалы Івану Саверчанку, доктару філалагічных навук, намесніку дэкана філалагічнага факультэта БДУ Мікалаю Хмяльніцкаму, кандыдату мастацтвазнаўства Лідзіі Шкор, навуковаму супрацоўніку аддзела па асветніцкай працы Нацыянальнага мастацкага музея Настассі Трафімчык, кандыдату мастацтвазнаўства, дырэктару канала “Культура” Беларускага радыё Уладзіміру Трапянку.
Музычныя ўдзельнікі круглага стала: хор “Gaudeamus” Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка пад кіраўніцтвам Л. М. Ядлоўскай, брас-квінтэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, ансамбль флейтыстаў “Флюід” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі.
Больш фотаздымкаў у фотагалерыі