Асабісты кабінет

Напярэдадні 95-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ “Вы паслухайце родную мову: жаўруковаю песняй звініць…”. Падобныя конкурсы – добрая традыцыя часопіса  “Роднае слова”, на якую ахвотна адгукаюцца нашы чытачы з усіх рэгіёнаў краіны. Гэтым разам ён праводзіўся супольна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Сустракаючы пераможцаў і іх настаўнікаў – кіраўнікоў навукова-даследчых прац у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, арганізатары конкурсу імкнуліся зрабіць мерапрыемства не толькі ўрачыстым, але і запамінальным. Гасцей віталі: дырэктар цэнтра доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Лакотка; першы намеснік дырэктара цэнтра кандыдат гістарычных навук Аляксандр Бараноўскі; дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў; галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран; загадчыкі аддзелаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Сёлета юным лінгвістам для навуковага даследавання прапаноўваліся тэматычныя накірункі, сугучныя магістральным тэмам, якімі займаюцца супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Так, на нейкі час канкурсанты маглі адчуць сябе сапраўднымі навукоўцамі, чаму спрыяла і акадэмічная атмасфера інстытута, і ўхвала яго дырэктара – старшыні аўтарытэтнага конкурснага журы. Ігар Лявонавіч расказаў, што ўзровень усіх прац, адзначаных дыпломамі, надзвычай высокі, а ў некаторых аўтарах ён бачыць будучых калег. Магчыма, для кагосьці такая ацэнка стане лёсавызначальнай…

Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы і памятныя падарункі ад арганізатараў. Спецыяльным прызам ад “Роднага слова” для ўладальнікаў дыпломаў І ступені сталі сертыфікаты на атрыманне асобніка гэтага нумара, які яны знойдуць у сваіх паштовых скрынях напрыканцы лістапада.

Аднак галоўным падарункам можна з упэўненасцю назваць унікальную магчымасць пазнаёміцца з шэдэўрамі экспазіцыі Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, якая пакуль не даступная для шырокага наведвання. Пасля эмацыйнай экскурсіі кандыдата мастацтвазнаўства Барыса Лазукі госці доўга не разыходзіліся, задавалі пытанні, дзяліліся ўражаннямі, фатаграфаваліся – нібы натхняліся на будучыя перамогі. Няхай гэтае натхненне застанецца з вамі надоўга!

Больш здымкаў глядзіце ў фотарэпартажы.