Асабісты кабінет

Ніколі яшчэ часопісныя навіны не поўнілася такой колькасцю справаздачных фотаздымкаў, як напрыканцы 2025-га. На гэты раз глядзіце фотарэпартаж з фінальных прэзентацый нумара-альманаха “Роднага слова”, прымеркаванага да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Сімвалічна, што яны прайшлі ў старажытнай Оршы, дзе нарадзіўся пісьменнік.
Напачатку мы сустрэліся з педагогамі Аршаншчыны ў сярэдняй школе № 3, якая носіць імя Уладзіміра Караткевіча і нават мае ўнікальны музей, дзе захоўваецца памяць пра знакамітага земляка. Праграму прэзентацыі “Роднага слова” адкрыла літаратурна-музычнае выступленне выхаванцаў сярэдняй школы № 3, падрыхтаванае паводле твораў Уладзіміра Сямёнавіча. 
Галоўны рэдактар часопіса Наталля Шапран пазнаёміла прысутных  са зместам караткевіцкага нумара-альманаха, на старонках якога змешчаны публікацыі і настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры рэгіёна. Так, настаўнік кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” гімназіі № 2 Оршы Любоў Сякацкая прапанавала метадычную распрацоўку ўрока ў ІХ класе па вывучэнні гістарычнай асновы аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”. А настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Арэхаўскай сярэдняй школы імя Ю. В. Смірнова Аршанскага раёна Таццяна Троцкая стала аўтарам «Дыдактычнага матэрыялу па рамане “Чорны замак Альшанскі”», змешчанага ў віртуальным дадатку да раздзела “Методыка і вопыт”. 
Да ўдзельнікаў аршанскай прэзентацыі далучыўся сталы аўтар часопіса, настаўнік кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы № 16 Мазыра Яўген Есіс, які ў  фармаце майстар-класа пазнаёміў калег з уласным вопытам прафесійнага ўзаемадзеяння з навуковым СМІ.
Экскурсія па экспазіцыі, прысвечанай У. Караткевічу ў абноўленым музеі сярэдняй школы № 3, падаравала гасцям яркія эмоцыі і стала адметным штрыхом у прэзентацыі роднасловаўскага нумара-альманаха, ён, дарэчы, папоўніў музейныя фонды.
Наступная сустрэча аршанцаў з “Родным словам” адбылася ў Літаратурным музеі Уладзіміра Караткевіча, які варта наведаць кожнаму аматару творчасці класіка. У той вечар на сустрэчу з галоўным рэдактарам часопіса Наталляй Шапран завіталі навучэнцы і выкладчыкі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі горада, а таксама мясцовыя літаратары.