Асабісты кабінет

На  філалагічным факультэце БДУ працягваюцца мерапрыемствы, прысвечаныя 85-годдзю з дня  заснавання ўстановы. Адным з іх стала пасяджэнне круглага стала “Філолаг – прафесія ганаровая”, праведзенае кафедрай беларускага мовазнаўства.
Загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Г.К. Чахоўскі акрэсліў ролю філолагаў у даследаванні моў і літаратур, асэнсаваў значэнне філалагічных даследаванняў для захавання культурнай спадчыны, звярнуў увагу на сучасныя аспекты педагагічнай дзейнасці філолагаў, падкрэсліў неабходнасць удзелу філолагаў у патрыятычных культурных праектах і мерапрыемствах.
Прафесар кафедры беларускага мовазнаўства М.Р. Прыгодзіч звярнуўся да асноўных этапаў гісторыі беларускай мовы і мовазнаўства, прааналізаваў ролю лінгвістаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў працэсе станаўлення і функцыянавання сучаснай беларускай літаратурнай мовы, акрэсліў перспектывы яе далейшага развіцця. Надзвычай цiкавымi былi разважаннi пра родную мову, якую філолагі называюць душой народа, найвялiкшым нацыянальным скарбам.
У абмеркаванні значэння і ролі філолагаў у сучасным грамадстве ўзяла ўдзел галоўны рэдактар “Роднага слова” Н.М. Шапран. У сваім выступленні яна акцэнтавала ўвагу на ролі навуковых выданняў у прафесійнай падтрымцы філолагаў, прэзентавала эксклюзіўны нумар часопіса, прысвечаны юбілейнай даце альма-матар, а таксама адказала на зацікаўленыя пытанні студэнцкай аўдыторыі.
Падчас мерапрыемства студэнты і выкладчыкі разважалі пра сучасныя тэндэнцыі ў філалагічных даследаваннях, эфектыўныя метады навучання мове і літаратуры. Адказвалі на пытанні, якія навыкі лічацца важнымі для будучых філолагаў, з якімі цяжкасцямі яны сутыкнуліся ў працэсе навучання, якія перспектывы бачаць для сябе ў прафесіі філолага.