Пад такой назвай у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа прайшоў II Міжнародны навуковы кангрэс. Падчас кангрэса адбыліся два пленарныя пасяджэнні, працавалі сем секцый, на якіх было абмеркавана шырокае праблемнае поле мовазнаўчых пытанняў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў кангрэсу і віншаваннем з нагоды 95-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа звярнуліся прадстаўнікі дырэкцый інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, дэкан філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта С. Важнік, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта А. Тозік, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Н. Шапран, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі А. Стэльмах, паэт, радыё- і тэлевядучы, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Н. Гальпяровіч, галоўны рэдактар РУП “Белкартаграфія” Г. Ляхава, начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Н. Судзілоўская, дырэктар Астравецкай раённай бібліятэкі Н. Ачарэтава, галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская навука” В. Пручкоўская, намеснік дырэктара Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі імя I.С. Лупiновiча НАН Беларусi Д. Бабарыка і інш.
Галоўны рэдактар навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран у сваім прывітальным слове адзначыла: «Калектыў часопіса “Роднае слова” ганарыцца цесным супрацоўніцтвам з Інстытутам мовазнаўства на ніве гуманітарна-асветніцкага выхавання. Вось ужо 30 гадоў найлепшыя аўтары “Роднага слова” – вядучыя навукоўцы Інстытута мовазнаўства, іх шматлікія публікацыі на старонках выдання дапамагаюць чытачам засвойваць моўную спадчыну ў арганічнай сувязі з нацыянальна-культурнымі здабыткамі Бацькаўшчыны. Мы ўдзячныя за супольную працу ў складзе рэдакцыйнай калегіі выдання і за давер быць аднымі з тых, хто даносіць вашы бліскучыя навуковыя дасягненні да шырокай грамадскасці».
Адным з падарункаў Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа і ўсім філолагам стане лістападаўскі нумар часопіса з юбілейным раздзелам, куды ўвайшоў “залаты дзясятак” публікацый ад супрацоўнікаў галоўнага мовазнаўчага цэнтра краіны.
Фота: basnet.by