У дзень нараджэння Рыгора Барадуліна ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбылося адкрыццё літаратурна-дакументальнай выставы “Жыццё. З такімі хітрымі вачыма…”.
Паводле слоў куратара выставы, вядучага архівіста Наталлі
Мізон, “у аснову канцэпцыі леглі дакументы, якія паказваюць асобу народнага паэта Беларусі як у культурным кантэксце грамадства адпаведнага часу, так і праз філасофію яго стасункаў з сям’ёй і сябрамі”.
Гасцей мерапрыемства прывітала дырэктар архіва-музея Алена Макаранка. Асабістымі ўспамінамі пра Рыгора Іванавіча падзяліліся выступоўцы, якія былі добра з ім знаёмыя і шмат зрабілі дзеля ўшанавання яго памяці: Наталля Давыдзенка, Сяргей Шапран, Алесь Камоцкі.
Галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран прэзентавала лютаўскі нумар часопіса з раздзелам публікацый, прысвечаных 90-годдзю паэта. Яны сведчаць пра вялікую цікавасць сучасных даследчыкаў да асобы творцы і спрыяюць новаму прачытанню яго спадчыны.
Пакладзеныя на музыку, паэтычныя радкі Рыгора Барадуліна прагучалі ў выкананні Алеся Камоцкага і Алесі Сівохінай.
Пасля адкрыцця выставы яе першыя наведвальнікі з цеплынёй і ўвагай знаёміліся з рукапісамі, фатаграфіямі, ліставаннем, творчымі напрацоўкі народнага паэта.