ПАЛАЖЭННЕ аб конкурсе навукова-даследчых работ “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”
- 21 лютага 2019 12:55:37
ПАЛАЖЭННЕ аб конкурсе навукова-даследчых работ
“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”
(да 90-гадовага юбілею Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі)
1. Агульныя палажэнні
Конкурс навукова-даследчых работ у галіне мовазнаўства сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў ВНУ (далей – Конкурс), прымеркаваны да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (далей – Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа), – сумесная ініцыятыва Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і ўстановы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”», скіраваная на захаванне духоўнай спадчыны народа, павышэнне моўнай кампетэнцыі носьбітаў беларускай мовы, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і развіццё навукова-даследчых здольнасцей навучэнцаў і студэнтаў.
1.1. Мэты конкурсу:
− выяўленне і заахвочванне таленавітай моладзі; прадастаўленне дадатковых магчымасцей для яе самарэалізацыі; фарміраванне матывацыі да ўдзелу ў навукова-даследчай дзейнасці;
− павышэнне цікавасці да вывучэння гісторыі, дзейнасці навуковых школ, сучасных тэндэнцый і працэсаў у беларускай лінгвістыцы;
− садзейнічанне павышэнню інтэлектуальнага ўзроўню навучэнцаў і студэнтаў: уменню фармуляваць праблему, карыстацца рознымі інфармацыйнымі крыніцамі, лагічна і сістэмна структураваць матэрыял;
− захаванне і трансляцыя культурна-гістарычнай спадчыны будучым пакаленням;
− дэманстрацыя і прапаганда найлепшых інтэлектуальных дасягненняў навучэнцаў і іх педагогаў; досведу працы ўстаноў адукацыі па арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці.
1.2. Арганізатарамі Конкурсу з’яўляюцца ўстанова «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”» і Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа (далей – Арганізатары).
1.3. Удзельнікамі Конкурсу і аўтарамі навукова-даследчых работ могуць быць навучэнцы ІХ – ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь; навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі; студэнты ВНУ, якія падрыхтавалі пісьмовую навукова-даследчую работу ў межах прапанаваных тэматычных кірункаў (п. 2.3) і ў адпаведнасці з патрабаваннямі да афармлення. Колькасць удзельнікаў не абмежавана. Матэрыялы на конкурс дасылаюць самі ўдзельнікі або педагогі-кіраўнікі.
1.4. Матэрыялы, дасланыя на Конкурс, якія, на думку Арганізатараў, уяўляюць навуковую каштоўнасць, могуць быць апублікаваны Арганізатарамі ў часопісе “Роднае слова” або ў зборніку матэрыялаў па выніках Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларуская мова ў сістэме гісторыка-культурных каштоўнасцей нацыі і дзяржавы (да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа)”. Аўтарскія правы захоўваюцца за аўтарам.
1.5. Для правядзення Конкурсу ствараецца конкурсная камісія, якую фарміруюць Арганізатары Конкурсу.
Конкурсная камісія: публікуе Палажэнне аб Конкурсе з умовамі ўдзелу, патрабаваннямі да прадстаўленых работ, тэрмінамі і іншай неабходнай інфармацыяй; арганізуе прыём конкурсных работ, іх экспертызу і ацэнку; вызначае і аб’яўляе лаўрэатаў конкурсу.
2. Парадак правядзення конкурсу
2.1. Конкурс праводзіцца з 1 лютага да 1 лістапада 2019 года ў два этапы:
1-ы этап – падрыхтоўка і накіраванне на Конкурс навукова-даследчых вучнёўскіх работ;
2-і этап – экспертыза і ацэнка конкурсных работ, падвядзенне вынікаў, аб’яўленне лаўрэатаў Конкурсу.
Прыём работ пачынаецца з дня апублікавання Палажэння аб Конкурсе і завяршаецца 31 жніўня 2019 года.
Экспертыза і ацэнка конкурсных работ, вызначэнне лаўрэатаў – з 1 верасня да 31 кастрычніка 2019 года.
Аб’яўленне лаўрэатаў Конкурсу – не пазней за 2 лістапада 2019 года.
Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў – падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларуская мова ў сістэме гісторыка-культурных каштоўнасцей нацыі і дзяржавы (да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа)”.
2.2. Кожны ўдзельнік ці група ўдзельнікаў (не больш за 2) можа прадставіць на Конкурс не больш як адну навукова-даследчую работу. Аб’ём конкурсных работ не больш за 30 старонак. Магчымы мультымедыйныя дадаткі, якія прадстаўляюцца ў электронным выглядзе.
2.3. Прымаюцца работы, падрыхтаваныя ў межах наступных тэматычных кірункаў:
– Беларуская мова ў XXI стагоддзі;
– Беларуская мова сярод моў свету / Роднае слова ў дыялогу моў і культур;
– Мова беларускіх старадрукаў і рукапісаў;
– Сучасныя лексічныя працэсы ў беларускай мове;
– Нацыянальная адметнасць беларускай лексікі;
– Узаемадзеянне моўных сістэм ва ўмовах білінгвізму;
– Уласнае імя ў лінгвакультуралагічным аспекце;
– Дыялектная моўная адзінка і кантэкст.
2.4. Структура конкурснай работы.
Тытульны ліст павінен змяшчаць:
– назву ўпраўлення адукацыі аблвыканкама (камітэта па адукацыі), аддзела адукацыі, спорту і турызму і навучальнай установы;
– тэму навукова-даследчай работы (гл. Дадаткі 1 і 2 на сайце www.rod-slova.by);
– прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара(ў) (поўнасцю);
– месца вучобы, клас, паштовы адрас і тэлефон установы адукацыі;
– прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка(оў) (поўнасцю), пасада, кваліфікацыйная катэгорыя, нумары тэлефонаў (хатні, мабільны);
– хатні адрас, электронны адрас, нумары тэлефонаў (хатні, мабільны) удзельніка(аў).
Анатацыя – павінна раскрываць сутнасць навукова-даследчай работы, яе мэту, задачу, атрыманыя вынікі; аб’ём – не больш за старонку.
Тэкст навукова-даследчай работы – афармляецца ў выглядзе навуковага артыкула, які павінен быць выразна структураваны, змяшчаць ясную пастаноўку праблемы, прапанову шляхоў да яе вырашэння і канкрэтныя вынікі праведзенага даследавання.
Спіс літаратуры – падаецца ў адпаведнасці з прынятымі патрабаваннямі.
2.5. Дасланыя конкурсныя работы павінны быць прадстаўлены як у папяровым, так і ў электронным выглядзе. Работы, дасланыя на Конкурс, аўтарам не вяртаюцца.
2.5.1. Электронны варыянт работ і фотаздымкаў можа быць прадстаўлены на электронным носьбіце (CD або USB Flash) або дасланы на электронны адрас: rs-konkurs@yandex.by.
2.6. Патрабаванні да афармлення конкурсных работ.
Аб’ём конкурснай работы – не больш за 30 старонак друкаванага тэксту (з улікам тытульнага ліста, анатацыі, спіса літаратуры), набранага ў тэкставым рэдактары MS Word. Шрыфт Times New Roman, кегль 14, інтэрвал – 1,0 (без знакаў пераносу), абзац – 1,25 см. Параметры старонкі: справа – 10 мм, злева – 30 мм, зверху і знізу – па 20 мм. Фармат файла .doc ці .docx. Нумары старонак прастаўляюцца зверху па центры.
Спасылкі ў тэксце падаюцца ў квадратных дужках. Першая лічба – нумар крыніцы ў спісе літаратуры, другая – нумар старонкі. Нумар крыніцы і нумар старонкі раздзяляюцца коскай, напр.: [3, 145], нумары крыніц – кропкай з коскай, напр.: [4; 9; 12], [4, 56; 7, 167–168]. Бібліяграфічныя крыніцы падаюцца пасля слова “Літаратура” ў алфавітным парадку.
Тытульны ліст, анатацыя, тэкст работы і спіс літаратуры павінны быць захаваны адным файлам, назва якога складаецца з прозвішча канкурсанта і слова “tekst” (mova). Напрыклад: sudniktekst.
2.7. Усе дадаткі дасылаюцца ў адным лісце асобнымі файламі з імем, якое складаецца з прозвішча канкурсанта і слоў “dadatak1”, “dadatak2” і г. д. Мультымедыйныя дадаткі (калі ёсць) павінны быць выкананы ў праграме MS PowerPoint; сканіраваныя архіўныя матэрыялы (калі ёсць), малюнкі і фотаздымкі захаваны ў фармаце JPEG.
2.8 Дасланая конкурсная работа павінна суправаджацца заяўкай (гл. Дадатак 3 на сайце www.rod-slova.by).
Заяўка павінна змяшчаць наступны тэкст: “З Палажэннем аб конкурсе навукова-даследчых работ азнаёмлены(а), з выкладзенымі ў ім умовамі згодзен (згодна)”. Заяўка завяраецца подпісам аўтара(ў) і кіраўніка(оў).
Заяўка павінна быць захавана асобным файлам, назва якога складаецца з прозвішча канкурсанта і слова “zajauka”. Напрыклад: sudnikzajauka.
Конкурсныя работы (папяровы варыянт) з пазнакай “На конкурс” дасылаюцца на адрас вул. Сурганава, 1, корп. 2, Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, 220072, г. Мінск, Рэспубліка Беларусь.
Выдаткі, звязаныя з прадстаўленнем матэрыялаў на Конкурс, аплачваюцца яго ўдзельнікамі самастойна.
Работы, атрыманыя пасля 31 жніўня 2019 года, да ўдзелу ў Конкурсе не прымаюцца.
2.9. Экспертызу работ праводзіць конкурсная камісія (журы) пасля заканчэння прыёму работ. Журы фарміруюць Арганізатары Конкурсу.
2.10. У склад журы ўваходзяць прадстаўнікі Арганізатараў, а таксама іншых зацікаўленых арганізацый па запрашэнні Арганізатараў Конкурсу. Узначальваюць журы прадстаўнікі Арганізатараў.
2.11. Экспертыза работ праводзіцца па крытэрыях, пералічаных у раздзеле ІІІ гэтага Палажэння.
2.12 Конкурсная камісія мае права адхіліць ад удзелу ў конкурсе работы за плагіят, нізкую якасць выканання ці невыкананне патрабаванняў конкурсу.
2.13. Вынікі Конкурсу будуць надрукаваны ў снежаньскім нумары часопіса “Роднае слова” за 2019 год. Права першай публікацыі вынікаў конкурсу належыць выключна Арганізатарам.
3. Крытэрыі экспертызы конкурсных работ
3.1. Пры правядзенні экспертызы конкурсных работ камісія (журы) ацэньвае:
– актуальнасць і навізну (аргументацыя неабходнасці правядзення даследавання, раскрыццё рэальнай патрэбы ў вывучэнні тэмы, адпаведнасць тэмы сучаснаму стану мовазнаўчай навукі);
– навуковасць (карэктнасць ужывання тэрмінаў, паняццяў, фармулёвак);
– праблемнасць (тэма павінна мець даследча-пошукавы характар);
– дакладнасць (адпаведнасць фактам, якія аб’ектыўна існуюць у навуцы);
– арыгінальнасць (уласны падыход да выбару тэмы і яе раскрыцця);
– змястоўнасць (збалансаванасць зместу і формы матэрыялу);
– ступень выкарыстання архіўных крыніц (першакрыніц);
– адпаведнасць выкладу матэрыялу нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы;
– адпаведнасць патрабаванням да афармлення конкурсных работ.
4. Падвядзенне вынікаў конкурсу. Узнагароджанне
4.1. Па выніках Конкурсу вызначаюцца лаўрэаты (дыпломы I, II, III ступені)
4.2. Дыпламанты конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі ад Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа / Арганізатараў.
4.3. Конкурсная камісія можа хадайнічаць перад Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі аб аб’яўленні падзякі канкурсантам, якія прадставілі работы высокай якасці, але не сталі пераможцамі, а таксама адказным супрацоўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія садзейнічалі ў правядзенні Конкурсу.
4.4. Узнагароджанне пераможцаў Конкурсу пройдзе падчас правядзення Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларуская мова ў сістэме гісторыка-культурных каштоўнасцей нацыі і дзяржавы (да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа)”, на якой лаўрэаты Конкурсу змогуць прадставіць вынікі сваіх даследаванняў у выглядзе дакладаў.
4.5. Навукова-даследчыя работы, адзначаныя дыпломам І ступені, будуць рэкамендаваныя да публікацыі ў зборніку “Беларуская мова ў сістэме гісторыка-культурных каштоўнасцей нацыі і дзяржавы (да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа)”.
5. Дадатковыя ўмовы
5.1. У Палажэнне могуць быць унесены змены, якія зацвярджаюцца Арганізатарамі.
5.2. Змены ў Палажэнні ўступаюць у сілу з моманту іх апублікавання.
5.3. Удзельнікі Конкурсу на падставе гэтага Палажэння накіроўваюць работы з ведама кіраўнікоў работ або кіраўнікоў навучальнай установы. Дадатковага загада на ўдзел навучэнца ў конкурсе ад навучальнай установы ці раённага (гарадскога) аддзела адукацыі не патрабуецца.