Асабісты кабінет

Палажэнне аб конкурсе навукова-даследчых і творчых работ на тэму “Тут родныя трымаюць карані”

  • 22 лютага 2018 15:36:54

ПАЛАЖЭННЕ

аб конкурсе навукова-даследчых і творчых работ на тэму

“Тут родныя трымаюць карані”

 

I. Агульныя палажэнні

Конкурс навукова-даследчых і творчых работ (далей – конкурс), прымеркаваны да Года малой радзімы, – ініцыятыва ўстановы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”», скіраваная на захаванне духоўна-маральных каштоўнасцей у грамадстве, гісторыка-культурнай спадчыны народа, культуры сямейных адносін; грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і развіццё навукова-даследчых і творчых здольнасцей сярод навучэнцаў, студэнтаў і працоўнай моладзі (далей – канкурсанты).

 

Мэты конкурсу:

– выяўленне і заахвочванне таленавітай моладзі, прадстаўленне дадатковых магчымасцей для яе самарэалізацыі, фарміраванне матывацыі да ўдзелу ў актыўнай творчай дзейнасці і падтрымка творчых ініцыятыў;

– выхаванне ў канкурсантаў пачуцця патрыятызму, высокіх маральных якасцей і эстэтычнага густу, нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскага абавязку;

– павышэнне ў грамадзян цікавасці да гісторыі і сучаснасці Айчыны, уласнага роду, малой радзімы;

– фарміраванне ў канкурсантаў умення бачыць праблему, карыстацца рознымі інфармацыйнымі крыніцамі, лагічна і сістэмна структураваць матэрыял;

– дэманстрацыя і прапаганда найлепшых інтэлектуальных і творчых дасягненняў канкурсантаў і іх кіраўнікоў; досведу працы ўстаноў адукацыі па арганізацыі навукова-даследчай і творчай дзейнасці.

 

1.2. Арганізатар конкурсу – установа «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”» (далей – Арганізатар).

1.3. Удзельнікамі конкурсу і аўтарамі навукова-даследчых і творчых работ могуць быць навучэнцы ІХ – ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ВНУ, педагогі і іншыя зацікаўленыя. Колькасць удзельнікаў не абмежавана. Матэрыялы на конкурс дасылаюць самі ўдзельнікі або педагогі-кіраўнікі.

1.4. Матэрыялы, дасланыя на конкурс, якія, на думку Арганізатара, уяўляюць творчую каштоўнасць, могуць быць апублікаваны Арганізатарам у часопісе “Роднае слова”. Аўтарскія правы захоўваюцца за аўтарам.

 

ІІ. Парадак правядзення конкурсу

2.1. Конкурс праводзіцца ў наступныя тэрміны:

пачатак конкурсу – 1 сакавіка 2018 года;

заканчэнне прыёму работ – 31 кастрычніка 2018 года;

падвядзенне вынікаў – 2 лістапада 2018 года.

2.2. Кожны ўдзельнік ці група ўдзельнікаў можа прадставіць на конкурс не больш як адну навукова-даследчую ці творчую работу. Аб’ём конкурсных работ не абмежаваны. Магчымы мультымедыйныя дадаткі, якія прадстаўляюцца ў электронным выглядзе.

2.3. Першая старонка (тытульны ліст) конкурснай работы павінна змяшчаць:

– тэму навукова-даследчай ці творчай работы;

– прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара(ў) (поўнасцю);

– прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка(оў) (поўнасцю);

– месца вучобы, клас або групу (для навучэнцаў і студэнтаў), паштовы адрас і тэлефон установы адукацыі;

– хатні адрас, электронны адрас (калі ёсць), нумары тэлефонаў (хатні, мабільны) удзельніка(ў).

2.4. Конкурс праводзіцца па наступных тэматычных кірунках:

  • “Край мой родны, край прыгожы”;
  • “З гісторыі майго роду”;
  • “Турыстычныя маршруты маёй малой радзімы”.

2.5. Дасланыя конкурсныя работы павінны быць прадстаўлены ў друкаваным і электронным выглядзе (друкаваны варыянт абавязковы). Пры неабходнасці работы, дасланыя на конкурс, пасля падвядзення вынікаў можна забраць па адрасе  Арганізатара.

2.6. Электронны варыянт работ і фотаздымкаў можа быць прадстаўлены на электронным носьбіце (CD або USB Flash) або дасланы на электронны адрас установы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”»: rodnaje_slova@tut.by.

2.7. Тэкст конкурснай работы павінен быць на беларускай мове, надрукаваны ў тэкставым рэдактары MSWord. Шрыфт Times New Roman, 14 кегль, інтэрвал 1,5. Параметры старонкі: справа – 10 мм, злева – 30 мм, зверху і знізу – па 20 мм. Нумарацыя старонак – зверху па цэнтры старонкі. Дадаткі (калі ёсць) –  сканаваныя архіўныя матэрыялы (калі ёсць), малюнкі і фотаздымкі – захаваны ў фармаце JPEG.

Асноўны тэкст работы і дадаткі (калі ёсць) неабходна даслаць адным лістом. У тэме ліста пазначыць: Конкурс – 2018. Прозвішча ўдзельніка.

2.8. Дасланая конкурсная работа павінна суправаджацца заяўкай з наступнымі звесткамі:

– тэма навукова-даследчай ці творчай работы;

– прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара(ў) (поўнасцю);

– прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка(оў) (поўнасцю), пасада, кваліфікацыйная катэгорыя;

– месца вучобы, клас або група, паштовы адрас, электронны адрас і тэлефон установы адукацыі;

– хатні адрас, электронны адрас (калі ёсць), нумары тэлефонаў (хатні, мабільны) аўтара(ў).

Заяўка павінна змяшчаць наступны тэкст: “З Палажэннем аб конкурсе навукова-даследчых і творчых работ” азнаёмлены(а), з выкладзенымі ў ім умовамі згодзен (згодна)”.

Заяўка завяраецца подпісам аўтара(ў) або аўтара(ў) і кіраўніка(оў).

Конкурсныя работы з пазнакай “На конкурс” дасылаюцца на адрас установы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”»: 220035, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 47, к.1, пад’езд 2.

2.9. Журы фарміруе Арганізатар конкурсу.

2.10. Экспертызу работ праводзіць конкурсная камісія (журы) пасля заканчэння прыёму работ.

2.11. У склад журы ўваходзяць прадстаўнікі Арганізатара, а таксама іншых зацікаўленых арганізацый па запрашэнні Арганізатара конкурсу. Узначальвае журы прадстаўнік Арганізатара.

2.12. Экспертыза работ праводзіцца па крытэрыях, пералічаных у раздзеле ІІІ гэтага Палажэння.

2.13. Пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі і памятнымі падарункамі.

2.14. Вынікі конкурсу будуць надрукаваны ў № 11 часопіса “Роднае слова” за 2018 год.

 

ІІІ. Крытэрыі экспертызы конкурсных работ

3.1. Пры правядзенні экспертызы конкурсных работ камісія (журы) ацэньвае:

– актуальнасць і навізну (аргументацыя неабходнасці правядзення даследавання, адпаведнасць тэмы сучаснаму стану пэўнай навукі),

– навуковасць (карэктнасць ужывання тэрмінаў, паняццяў, фармулёвак),

– праблемнасць (тэма павінна мець даследча-пошукавы характар),

– дакладнасць (адпаведнасць фактам, якія аб’ектыўна існуюць у навуцы),

– арыгінальнасць (уласны падыход да выбару тэмы і яе раскрыцця);

– змястоўнасць і мастацкі падыход (збалансаванасць зместу і формы, мастацкая якасць матэрыялу);

– ступень выкарыстання архіўных крыніц;

– адпаведнасць патрабаванням да афармлення конкурсных работ.

 

IV. Дадатковыя ўмовы

4.1. У Палажэнне могуць быць унесенены змены, якія зацвярджаюцца Арганізатарам.

4.2. Змены ў Палажэнні ўступаюць у сілу з моманту іх апублікавання.