Асабісты кабінет

“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”: Вынікі конкурсу навукова-даследчых работ

  • 11 лістапада 2019 13:28:43

На пачатку года рэдакцыя часопіса “Роднае слова” сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі абвясцілі конкурс навукова-даследчых работ у галіне мовазнаўства “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў ВНУ.

Конкурс праводзіўся з 1 лютага да 1 лістапада 2019 г. і быў прымеркаваны да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства. Ініцыятыва была скіравана на выяўленне і заахвочванне таленавітай моладзі; прадстаўленне дадатковых магчымасцей для яе самарэалізацыі; фарміраванне матывацыі да ўдзелу ў навукова-даследчай дзейнасці; павышэнне цікавасці да вывучэння гісторыі, дзейнасці навуковых школ, сучасных тэндэнцый і працэсаў у беларускай лінгвістыцы; садзейнічанне павышэнню інтэлектуальнага ўзроўню навучэнцаў і студэнтаў: уменню фармуляваць праблему, карыстацца рознымі інфармацыйнымі крыніцамі, лагічна і сістэмна структураваць матэрыял; захаванне і трансляцыю культурна-гістарычнай спадчыны будучым пакаленням; дэманстрацыю і прапаганду найлепшых інтэлектуальных дасягненняў навучэнцаў і іх педагогаў, досведу працы ўстаноў адукацыі па арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці.

 

Удзельнікам быў прапанаваны шэраг тэматычных кірункаў:

Беларуская мова ў XXI стагоддзі;

Беларуская мова сярод моў свету / Роднае слова ў дыялогу моў і культур;

Мова беларускіх старадрукаў і рукапісаў;

Сучасныя лексічныя працэсы ў беларускай мове;

Нацыянальная адметнасць беларускай лексікі;

Узаемадзеянне моўных сістэм ва ўмовах білінгвізму;

Уласнае імя ў лінгвакультуралагічным аспекце;

Дыялектная моўная адзінка і кантэкст.

Падвядзенне вынікаў конкурсу адбылося падчас адкрыцця Першага міжнароднага навуковага кангрэса “Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы (да 90-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа)”. У Вялікай канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на ўрачыстым пасяджэнні пераможцаў конкурсу віталі і ўзнагароджвалі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт Аляксандр Каваленя, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран.

 

На памяць лаўрэаты конкурсу атрымалі нумар часопіса “Роднае слова”, большасць матэрыялаў якога была прысвечана стагоддзю з дня нараджэння выдатнага беларускага мовазнаўца Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, з надзеяй, што прафесійны шлях гэтага навукоўца натхніць юных даследчыкаў на далейшае развіццё і самаўдасканаленне і паслужыць прыкладам у жыцці.

 

Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны:

Бурвіна Міхаліна Юр’еўна, студэнтка трэцяга курса філалагічнага факультэта УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт” за навукова-даследчую работу “У скарбонку роднага слова: дыялектызмы вёскі Мілейкі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці” (кіраўнік – Бурвін Людміла Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”);

Папоў Мікалай Сяргеевіч, вучань ХІ класа ДУА “Мірская сярэдняя школа” Баранавіцкага раёна за навукова-даследчую работу “Тапанімічнае поле вёскі Новая Мыш: этналінгвістычны аспект” (кіраўнік – Шуцьева Жанна Сцяпанаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры);

Струк Кацярына Дзмітрыеўна, вучаніца ХІ класа ДУА “Гімназія г. Жыткавічы імя А. А. Ліхоты” за навукова-даследчую работу «Лексіка, звязаная з рыбалоўствам, у гаворках Тураўшчыны (на матэрыяле “Тураўскага слоўніка”)» (кіраўнік – Струк Таццяна Уладзіміраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры).

Дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны:

Анацка Кірыл Мікалаевіч, студэнт першага курса факультэта кіравання працэсамі перавозак УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту” за навукова-даследчую работу “Этымалогія мянушак жыхароў вёскі Карані Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці” (кіраўнік – Анацка Ірына Фёдараўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Каранёўскі яслі-сад – сярэдняя школа” Светлагорскага ­раёна);

Віжык Ксенія Аляксандраўна, вучаніца ХІ класа ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Мінска” за навукова-даследчую работу “Этнамаркіраваныя словы ў сродках масавай інфармацыі” (кіраўнік – Астроўская Таццяна Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры);

Дораш Юлія Уладзіміраўна, вучаніца ХІ класа ДУА “Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В. І. Хована” за навукова-даследчую работу «“Салодкія” прагматонімы: нацыянальна-культурная каштоўнасная арыентацыя» (кіраўнік – Дайнека Вольга Валер’еўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры);

Пікулава Вікторыя Сяргееўна, вучаніца ХІ класа ДУА “Сярэдняя школа № 15 г. Магілёва” за навукова-даследчую работу “Канцэпт кніга ў народных прыказках і віртуальных статусах” (кіраўнік – Наважылава Святлана Рыгораўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры).

Дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны:

Белавус Ганна Ігараўна, студэнтка чацвёртага курса факультэта журналістыкі УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт” за навукова-даследчую работу «Інтэртэкстуальнасць як выразнік постмадэрнісцкай манеры пісьма ў грамадска-палітычнай газеце “Звязда”» (кіраўнік – Зелянко Сяргей Віктаравіч, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі, кандыдат філалагічных навук);

Войткус Станіслаў Аляксандравіч, вучань Х класа ДУА “Мікашэвіцкая гімназія імя У. І. Ня­дз­ведскага” за навукова-даследчую работу “Устойлівыя адзінкі ў драматургіі Георгія Марчука” (кіраўнік – Войткус Вольга Аляксандраўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры).

Кузіч Аксана Сяргееўна, вучаніца Х класа ДУА “Павіццеўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” Кобрынскага раёна за навукова-даследчую работу “Анамастычная прастора беларускай аўтарскай казкі (на матэрыяле твораў берасцейскіх пісьменнікаў)” (кіраўнік – Цецярук Наталля Васільеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры);

Хвацік Кацярына Вітальеўна і Цішкевіч Карына Сяргееўна, вучаніцы Х класа ДУА “Сіманіцкая сярэдняя школа” за навукова-даследчую работу “Вулічныя вясковыя мянушкі ў цяперашні час” (кіраўнік – Зуевіч Святлана Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры);

Яцухна Лізавета Сяргееўна, вучаніца ІХ класа ДУА “Дабрынская сярэдняя школа” Ельскага раёна за навукова-даследчую работу “Паходжанне прозвішчаў жыхароў Дабрынскага сельскага савета Ельскага раёна” (кіраўнік – Бяляк-Сакула Валянціна Вячаславаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры).

Усе навуковыя кіраўнікі работ, якія атрымалі дыпломы са ступенню, рашэннем дырэкцыі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа адзначаны граматамі “за высокі прафесіяналізм і кампетэнтнасць, майстэрства педагога-настаўніка ў арганізацыі і правядзенні навукова-даследчай дзейнасці, плённую працу па развіцці інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, выхаванне ў іх любові і павагі да беларускай мовы”.

Віншуем пераможцаў і зычым далейшых поспехаў на шляху спасціжэння беларускай мовы, літаратуры і культуры.

Арганізатары конкурсу.