Асабісты кабінет

ПАЛАЖЭННЕ аб конкурсе навукова-даследчых і творчых работ на тэму “Памяць роду: мінулае вачыма сучаснікаў”

  • 31 сакавіка 2017 10:59:51

I. Агульныя палажэнні

Конкурс навукова-даследчых і творчых работ (далей – конкурс), прымеркаваны да Года культуры, – ініцыятыва ўстановы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”» і рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом “Звязда”», скіраваная на захаванне духоўна-маральных каштоўнасцей у грамадстве, гісторыка-культурнай спадчыны народа, культуры сямейных адносін; грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і развіццё навукова-даследчых і творчых здольнасцей сярод навучэнцаў, студэнтаў і моладзі.

 

1.1. Мэтамі конкурсу з’яўляюцца:

– выхаванне ў навучэнцаў, студэнтаў і моладзі пачуцця патрыятызму, высокіх маральных якасцей і эстэтычнага густу, нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянскага абавязку;

– павышэнне цікавасці ў грамадзян да гісторыі і сучаснасці Айчыны, уласнага роду, сям’і, выхаванне павагі да гераічнага мінулага краіны і сваіх продкаў;

– фарміраванне ў навучэнцаў і студэнтаў шырыні кругагляду, умення бачыць праблему, сістэмнасці, лагічнасці мыслення;

– выяўленне і заахвочванне таленавітых навучэнцаў і студэнтаў, прадастаўленне дадатковых магчымасцей для іх самарэалізацыі, фарміраванне матывацыі да ўдзелу ў актыўнай творчай дзейнасці і падтрымка творчых ініцыятыў;

– дэманстрацыя і прапаганда найлепшых інтэлектуальных і творчых дасягненняў навучэнцаў, студэнтаў і іх педагогаў; досведу працы ўстаноў адукацыі па арганізацыі навукова-даследчай і творчай дзейнасці.

 

1.2. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца ўстанова «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”»і РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”» (далей – Арганізатары).

1.3. Удзельнікамі конкурсу і аўтарамі навукова-даследчых і творчых работ могуць быць вучні ІХ – ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ВНУ, педагогі і іншыя зацікаўленыя. Колькасць удзельнікаў не абмежавана. Матэрыялы на конкурс дасылаюць самі ўдзельнікі або педагогі-кіраўнікі.

1.4. Матэрыялы, дасланыя на конкурс, якія, на думку Арганізатараў, уяўляюць творчую каштоўнасць, могуць быць апублікаваны Арганізатарамі ў часопісе “Роднае слова” і газеце “Звязда”. Аўтарскія правы захоўваюцца за аўтарам.

 

ІІ. Парадак правядзення конкурсу

2.1. Конкурс праводзіцца ў наступныя тэрміны:

пачатак конкурсу – 4 студзеня 2016 года;

заканчэнне прыёму работ – 20 кастрычніка 2016 года;

падвядзенне вынікаў – 1 лістапада 2016 года.

2.2. Кожны ўдзельнік ці група ўдзельнікаў можа прадставіць на конкурс не больш як адну навукова-даследчую ці творчую работу. Аб’ём конкурсных работ не абмежаваны. Магчымы мультымедыйныя дадаткі, якія прадстаўляюцца ў электронным выглядзе.

2.3. Першая старонка (тытульны ліст) конкурснай работы павінна змяшчаць:

– прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара(ў) (поўнасцю);

– прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка(оў) (поўнасцю);

– прозвішча, імя, імя па бацьку адказнага за выпуск (поўнасцю);

– месца вучобы, клас або група (для навучэнцаў і студэнтаў), паштовы адрас і тэлефон установы адукацыі;

– хатні адрас, электронны адрас (калі ёсць), нумары тэлефонаў (хатні, мабільны) удзельніка (удзельнікаў);

– тэма навукова-даследчай ці творчай работы.

2.4. Конкурс праводзіцца па наступных тэматычных накірунках:

– Гісторыя ўласнага роду, сям’і;

– Мае гераічныя продкі;

– З гісторыі родных мясцін.

2.5. Дасланыя конкурсныя работы павінны быць прадстаўлены ў друкаваным і электронным выглядзе. Работы, дасланыя на конкурс, аўтарам не вяртаюцца.

2.5.1. Электронны выгляд работ і фотаздымкаў можа быць прадстаўлены на электронным носьбіце (CD або USB Flash) або дасланы на электронны адрас установы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”»: rodnaje_slova@tut.by

2.6. Тэкст конкурснай работы павінен быць надрукаваны ў тэкставым рэдактары MSWord. Шрыфт Times New Roman, 14 кегль, інтэрвал 1,5. Параметры старонкі: справа – 10 мм, злева – 30 мм, зверху і знізу – па 20 мм. Нумарацыя старонак – зверху па цэнтры старонкі. Асноўны тэкст работы павінен быць захаваны асобным файлам, назва якога складаецца з прозвішча канкурсанта і слова “text”.

2.7. Усе дадаткі дасылаюцца асобнымі файламі з імем, якое складаецца з прозвішча канкурсанта і слоў “dadatak1”, “dadatak2” і г. д. Мультымедыйныя дадаткі (калі ёсць) павінны быць выкананы ў праграме MSPowerPoint; сканіраваныя архіўныя матэрыялы (калі ёсць), малюнкі і фотаздымкі захаваны ў фармаце JPEG.

2.8. Дасланая конкурсная работа павінна суправаджацца заяўкай з наступнымі звесткамі:

– прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара(ў) (поўнасцю);

– прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка(оў) (поўнасцю), пасада, кваліфікацыйная катэгорыя;

– месца вучобы, клас або група, паштовы адрас, электронны адрас і тэлефон установы адукацыі;

– хатні адрас, электронны адрас (калі ёсць), нумары тэлефонаў (хатні, мабільны) аўтара(ў);

– тэма навукова-даследчай ці творчай работы.

Заяўка павінна змяшчаць наступны тэкст: “З Палажэннем аб конкурсе навукова-даследчых і творчых работ” азнаёмлены(а), з выкладзенымі ў ім умовамі згодзен (згодна). Заяўка завяраецца подпісам аўтара(ў) або аўтара(ў) і кіраўніка(оў).

Конкурсныя работы з пазнакай “На конкурс” дасылаюцца на адрас установы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”»: 220035, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 47, к.1, пад’езд 2.

2.9. Экспертызу работ праводзіць конкурсная камісія (журы) пасля заканчэння прыёму работ. Журы фарміруюць Арганізатары конкурсу.

2.10. У склад журы ўваходзяць прадстаўнікі Арганізатараў, а таксама іншых зацікаўленых арганізацый па запрашэнні Арганізатараў конкурсу. Узначальваюць журы прадстаўнікі Арганізатараў.

2.11. Экспертыза работ праводзіцца па крытэрыях, пералічаных у раздзеле ІІІ гэтага Палажэння.

2.12. Пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі і памятнымі падарункамі.

2.13. Вынікі конкурсу будуць надрукаваны ў № 11 часопіса “Роднае слова” і газеце “Звязда”(лістапад) за 2016 год. Права першай публікацыі вынікаў конкурсу належыць выключна Арганізатарам.

 

ІІІ. Крытэрыі экспертызы конкурсных работ

3.1. Пры правядзенні экспертызы конкурсных работ камісія (журы) ацэньвае:

– актуальнасць і навізну (аргументацыя неабходнасці правядзення даследавання, раскрыццё рэальнай патрэбнасці ў вывучэнні тэмы, адпаведнасць тэмы сучаснаму стану пэўнай навукі),

– навуковасць (карэктнасць ужывання тэрмінаў, паняццяў, фармулёвак),

– праблемнасць (тэма павінна мець даследча-пошукавы характар),

– дакладнасць (адпаведнасць фактам, якія аб’ектыўна існуюць у навуцы),

– арыгінальнасць (уласны падыход да выбару тэмы і яе раскрыцця);

– змястоўнасць і мастацкі падыход (збалансаванасць зместу і формы, мастацкая якасць матэрыялу);

– ступень выкарыстання архіўных крыніц;

– адпаведнасць патрабаванням да афармлення конкурсных работ.

 

IV. Дадатковыя ўмовы

4.1. У Палажэнне могуць быць унесены змены, якія зацвярджаюцца Арганізатарамі.

4.2. Змены ў Палажэнні ўступаюць у сілу з моманту іх апублікавання.

Да ўвагі ўдзельнікаў!

Прыкладны ўзор конкурснай работы размешчаны на сайце часопіса “Роднае слова” (www.rs.unibel.by) у раздзеле “Электронныя матэрыялы”, на сайце газеты “Звязда” (www.zviazda.by), а таксама на сайце yasynvash.by

Кантактныя тэлефоны: 8 (017) 203-07-40, 203-35-17