Асабісты кабінет

Яго свет належыць дзецям

  • 01 чэрвеня 2023 16:39:02


Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра


Адкрыцці, зробленыя ў дзяцінстве, застаюцца з намі назаўсёды. Сталеючы, мы ўспрымаем іх як дадзенасць і, вымяраючы жыццё дарослай мэтазгоднасцю, усё радзей адчуваем тыя эўрыстычныя пачуцці. 
Часопіснае быццё таксама вымагае ўзважаных ды прадуманых рашэнняў. Аднак, прызнаемся шчыра, гэтым разам наважваючыся ўзяцца за падрыхтоўку тэматычнага нумара, мы кіраваліся не толькі асветніцкімі памкненнямі – традыцыйнымі для навуковага выдання, але і неадольным жаданнем калі не разгадаць, дык хоць бы зноў адчуць тую магію літаратурнага сусвету Янкі Маўра, што ўжо амаль стагоддзе вабіць юных чытачоў.   
Думаецца, падобны матыў быў і ў нашых аўтараў. Дасведчаныя даследчыкі, яны з імпэтам выправіліся ў настальгічнае падарожжа, нанова адкрываючы незвычайную асобу Янкі Маўра, асэнсоўваючы феномен яго творчасці. Можа, таму гэты нумар “Роднага слова” не толькі ўмацоўвае традыцыю часопісных альманахаў, але і вылучаецца ў іх шэрагу ўзнёслым настроем, прадчуваннем хуткай разгадкі, што вось-вось напаткае навукоўцу-вандроўніка. Чамусьці здаецца, што, працуючы над грунтоўнымі артыкуламі, шаноўныя аўтары часам не маглі стрымаць усмешкі на вуснах. Нібы той хлопчык з апавядання пісьменніка “Шчасце”, якога перапаўняла невымернае пачуццё…
Свет Янкі Маўра найперш належыць дзецям. Вось чаму ў нашым альманаху ідзе гаворка пра гісторыю станаўлення ў Беларусі дзіцячага радыётэатра і кінематографа, разглядаецца навучанне асэнсаванаму чытанню – важнаму складніку выхавання асобы і яе сацыялізацыі, прапануюцца сучасныя формы працы з дзецьмі – інтэлектуальныя гульні, літаратурныя квэсты і інш. 
А яшчэ тут іскрыцца яркімі фарбамі сведчанне жывога чытацкага водгуку на творы “дзеда Маўра” – нібыта сённяшнюю дзятву ды мудрае слова пісьменніка не падзяляюць дзесяцігоддзі ды неверагодныя здабыткі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Відаць, дзіцячая прага да новага і аўтарская шчырасць мацнейшыя за іх. 
Няхай так будзе і надалей, бо адкрыцці, зробленыя ў дзяцінстве, застаюцца з намі назаўсёды…


Наталля ШАПРАН,
галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”.