Асабісты кабінет

20 верасня ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына памяці першага галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова” Міхася Шавыркіна. 15 верасня яму споўнілася б 70 гадоў... Не стала Міхася Мікалаевіча год таму, 5 ліпеня 2016 г., напярэдадні яго любімага свята – Купалля.

Сустрэча прайшла ў шчырай, даверлівай, пранікнёнай атмасферы. Калегі, сябры, родныя – усе сабраліся, каб успомніць гэтага светлага, адданага любімай справе чалавека. Цёплыя словы ўдзячнасці і пашаны выказалі В. Скарабагатаў, З. Падліпская, А. Бельскі, В. Шніп, Н. Гальпяровіч, А. Гібкоўскі, Р. Александровіч, А. Масла, І. Ждановіч, В. Жыбуль. Кожны з іх згадаў час супрацоўніцтва і сяброўства з Міхасём Мікалаевічам, шчырым беларусам, сэрца якога заўсёды было ў клопаце пра роднае слова, айчынную культуру.

Успамінамі пра бацьку і калегу таксама падзялілася Міраслава Шавыркіна.

Галоўны рэдактар “Роднага слова” Зоя Падліпская прэзентавала сям’і  Міхася Мікалаевіча вераснёўскі нумар часопіса, дзе ў рубрыцы “Рупліўцы” змешчаны артыкул “Бліжэй да Сонца і людзей: Нататкі пра Міхася Шавыркіна” Івана Ждановіча.

Светлая памяць пра Міхася Мікалаевіча не згасне ў сэрцах яго калег, сяброў і паплечнікаў.

 

Усе фатаздымкі глядзіце тут