На выяве толькі частка часопісных праектаў, над якімі сёлета працавала рэдакцыя “Роднага слова”.
- Убачыў свет нумар-альманах, прымеркаваны да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча.
- Здабыткі ўніверсітэцкай навукі паўсталі ў тэматычных нумарах, прысвечаных 90-годдзю Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і 85-годдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
- Яркія супольныя праекты года “адзначылі” юбілейныя даты Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (“Бібліятэка: акадэмічны фармат”) і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (“Асоба на архіўных старонках”).
- Да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне штомесяц друкаваліся “Лісты на шляхах Перамогі” (супольны праект з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры), а для майскага нумара быў падрыхтаваны тэматычны раздзел часопіса, прэзентаваны грамадскасці падчас круглага стала “Пад знакам Перамогі: асобы, архівы, дакументальныя сведчанні”.
- Да 100-годдзя надання Янку Купалу звання народнага паэта адбылася прэм’ера мемуарнай рубрыкі “У кожнага свой Купала”, а таксама выходзіў у двух нумарах раздзел “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”.
- Традыцыйныя часопісныя “Каласавіны – 2025” прысвячаліся стагоддзю выдання паэмы “Сымон-музыка”.
- Выйшлі часопісныя праекты, прымеркаваныя да юбілеяў Францішка Багушэвіча, Кузьмы Чорнага, Івана Навуменкі, Петруся Броўкі, Андрэя Макаёнка, Рыгора Барадуліна, Яна Скрыгана і многіх іншых.
- XXXII Дзень беларускага пісьменства “Роднае слова” сустрэла метадычнай панарамай пад назвай “Лідскі сшытак”, падрыхтаванай супольна з педагогамі Лідчыны.
- Прэм’ерныя рубрыкі года “Крылатыя словы з іншамоўных крыніц”, “Медыяадукацыя”, “Міфы і рэальнасць беларускай арфаграфіі” будуць выходзіць і ў 2026-м, а гэта найлепшае сведчанне іх поспеху.
- Працягваўся аўтарскі цыкл “У анталогію беларускага шаржу”, паводле якога была адкрыта часовая экспазіцыя ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі.
- Супрацоўніцтва з Нацыянальным мастацкім музеем працягнулася ў шматгадовай рубрыцы “Архітэктурная спадчына” і праекце “Арт-лекторый”, які працаваў і ў афлайн-фармаце.
Як не згадаць дзясяткі публікацый нашых сталых аўтараў і маладых навукоўцаў, шматлікія метадычныя распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў.
Шчыра дзякуем усім, хто заставаўся з “Родным словам”! Шануем і цэнім кожнага з вас!
360.jpg)





