120-годдзе народнага паэта Петруся Броўкі навуковы і метадычны часопіс “Роднае слова” сустрэў у музеі-кватэры літаратара. З юбілейнай нагоды там прайшоў круглы стол, дзе прагучала паведамленне галоўнага рэдактара выдання Наталлі Шапран з асэнсаваннем гісторыі публікацый броўкаўскай тэматыкі на старонках “Роднага слова” за амаль чатыры дзесяцігоддзі.
Цікава, што пачаткам гэтай гісторыі стаў літаратуразнаўчы артыкул, прысвечаны творчасці пісьменніка, надрукаваны ўжо ў першым нумары выдання ў 1988 г. А вось у апошнім, чэрвеньскім, выпуску “Роднага слова” традыцыю працягнулі матэрыялы аўтараў, які звярнуліся да асобы класіка і яго спадчыны праз архіўныя пошукі і тэксталагічны аналіз, а таксама праз досвед вывучэння ў школьнай праграме.
У дзень народзінаў паэта адбылося і адкрыццё выставы сяброўскіх шаржаў – супольнага праекта часопіса і Літаратурнага музея Петруся Броўкі, ажыццёўленага ў межах добра вядомага чытачам “Роднага слова” цыкла “У анталогію беларускага шаржу”, дзякуючы якому ў навуковы зварот вяртаюцца дзясяткі твораў гэтага жанру. Аўтар праекта Сяргей Шапран правёў для гасцей куратарскую экскурсію, звярнуўшы ўвагу на гісторыю найбольш рэдкіх знаходак.
Ну і які ж дзень народзінаў без музыкі? Святочнай атмасферы гэтаму вечару дадало выступленне струннага ансамбля “La vie” пад кіраўніцтвам Таццяны Жагула.
Гасцінныя дзверы Літаратурнага музея Петруся Броўкі расчынены для вас у аўторак–нядзелю з 10 да 19 гадзін. А выстава “Шаржы на Петруся Броўку” будзе працаваць да верасня. Завітвайце!