2 лютага 2018 г. у зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў межах рэалізацыі Комплекснага плана сумесных мерапрыемстваў НАН Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 30-годдзю заснавання часопіса “Роднае слова”.
У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі У.Р. Гусакоў і Уладыка Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі, старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; вядомыя дзеячы беларускай навукі, сярод якіх: акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт А.А. Каваленя; дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік А.І. Лакотка; доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.А. Лукашанец; дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт І.Л. Капылоў; дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук, прафесар І.В. Саверчанка; даследчык, пісьменнік, член-карэспандэнт Міжнароднай генеалагічнай акадэміі (Францыя), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва А.В. Статкевіч-Чабаганаў; доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны рэдактар часопіса “Беларуская мова і літаратура” А.І. Бельскі; доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта М.Р. Прыгодзіч; доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта В.І. Іўчанкаў; намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі кандыдат педагагічных навук В.У. Зелянко; доктар педагагічных навук, прафесар, загадчык лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Г.М. Валочка; доктар педагагічных навук, прафесар Нацыянальнага інстытута адукацыі М.Г. Яленскі; доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь В.К. Мароз; прафесар кафедры беларускай і рускай моў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Н.В. Гаўрош; загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук Д.В. Дзятко; загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук І.М. Гоўзіч.
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Гусакоў Уладзімір Рыгоравіч звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстага пасяджэння з прывітальным словам, у якім адзначыў, што рэдакцыя навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” прыкладае шмат намаганняў для фарміравання нацыянальнай навуковай эліты. На старонках часопіса пастаянна змяшчаюцца матэрыялы магістрантаў і аспірантаў, будучых кандыдатаў і дактароў навук. “Роднае слова” папулярызуе найлепшыя літаратуразнаўчыя, мовазнаўчыя, культуралагічныя працы, распаўсюджвае духоўныя каштоўнасці беларускага народа.
Гусакоў У.Р. падкрэсліў, што юбілейная дата “Роднага слова” невыпадкова адзначаецца ў зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе вучоныя-гуманітарыі шмат робяць для захавання і развіцця роднай мовы, гісторыі, культуры і літаратуры. За апошнія гады праведзена велізарная праца па навуковым забеспячэнні развіцця мовы. Выдадзены цыкл прац “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі”, 37-томны “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”, “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы”, “Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы” і многія іншыя выданні.
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падкрэсліў, што вучоным-гуманітарыям неабходна ўзмацніць супрацоўніцтва з часопісам, падзякаваў калектыву выдання за высокае прафесійнае майстэрства, па-дзяржаўнаму ўдумлівы падыход, пачуццё адказнасці за давераную справу, вернасць прафесійнаму абавязку і ўзнагародзіў галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова” З.І. Падліпскую памятным знакам “У гонар заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.
Уладыка Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі, старшыня Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, адзначыў высокадухоўную працу калектыву рэдакцыі часопіса “Роднае слова” па захаванні традыцыйных нацыянальных каштоўнасцей, выхаванні моладзі краіны ў павазе да роднай мовы, зямлі продкаў, культуры свайго народа і ўручыў галоўнаму рэдактару часопіса З.І. Падліпскай Ганаровую грамату Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У святочным урачыстым пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, культуры, інфармацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўленняў адукацыі г. Мінска, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, кіраўнікі і карэспандэнты педагагічных СМІ, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, супрацоўнікі музеяў, настаўнікі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі.
Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Л.Ю. Высоцкая павіншавала калектыў часопіса з 30-годдзем выдання, уручыла галоўнаму рэдактару Падзяку Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь і каштоўны падарунак, а таксама Ганаровыя граматы і Граматы супрацоўнікам рэдакцыі.
Начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Т.М. Хмель уручыла Ганаровую грамату Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Падліпскай З.І. за добрасумленную плённую працу па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і Падзяку калектыву ўстановы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”» за добрасумленную плённую працу ў сферы друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, значны ўклад у развіццё і прапаганду беларускай мовы, літаратуры.
Ад імя Саюза пісьменнікаў Беларусі з вітальным словам да супрацоўнікаў рэдакцыі звярнулася першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі А.А. Стэльмах, якая адзначыла плённую працу калектыву і асабісты ўклад кожнага ў захаванне і прапаганду нацыянальнай культуры.
З віншаваннямі ў адрас часопіса-юбіляра звярнуліся калегі, кіраўнікі педагагічных СМІ – дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” М.А. Супрановіч, намеснік галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” У.У. Фалалееў, галоўны рэдактар часопіса “Пралеска” С.А. Штабінская.
Ганаровымі граматамі адзначыла дзейнасць калектыву рэдакцыі часопіса “Роднае слова” загадчык аддзела арганізацыйна-інфармацыйнай работы Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Л.Р. Кузняцова.
Члены рэдакцыйнай рады часопіса, сталыя аўтары – айчынныя вучоныя і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры А.І. Бельскі, Т.В. Габрусь, В.І. Іўчанкаў, А.В. Статкевіч-Чабаганаў, В.В. Жыбуль, М.В. Трус, Н.В. Гаўрош, Н.М. Нямковіч, В.Д. Міцкевіч, М.С. Ржавуцкая, С.С. Мароз, Т.Я. Старасценка, П.У. Сцяцко, А.А. Каўрус, І.Ф. Штэйнер, Д.Д. Паўлавец, М.Г. Петрашкевіч, Л.І. Пшанічная, А.У. Данілішына, Л.А. Собаль, А.Г. Казека, І.Р. Казачэнка ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі ўстановы «Рэдакцыя часопіса “Роднае слова”».
За плённае супрацоўніцтва Ганаровымі граматамі ўзнагароджаны начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама А.В. Нядзелька і дзяржаўная ўстанова адукацыі “Нёманская сярэдняя школа імя І.Д. Гурскага” Уздзенскага раёна (дырэктар В. В. Стахно).
За шматгадовую дзейнасць і асабісты ўнёсак у зберажэнне і развіцце нацыянальных духоўных каштоўнасцей Ганаровымі граматамі ўстановы адзначана праца кожнага супрацоўніка рэдакцыі часопіса.
Урачыстае пасяджэнне прайшло ў агульнай атмасферы павагі да роднага слова, у клопаце пра яго захаванне і прапагандаванне ў інфармацыйнай прасторы краіны.