Паважаныя сябры!
Віншуем вас з Міжнародным днём роднай мовы! Гэта свята, якое нагадвае носьбітам кожнай мовы пра неабходнасць яе захавання, выкарыстання, падтрымкі і развіцця. Родная мова для кожнага чалавека – гэта мова яго продкаў, мова яго народа, духоўная спадчына і абярэг у жыцці.
Народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ сцвярджаў: “Мова – гэта вялікі народны скарб. Яго нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ”. І мы, роднасловаўцы, разам з нашымі шаноўнымі аўтарамі і чытачамі маем гонар на працягу амаль трыццаці гадоў служыць роднаму слову ў інфармацыйнай прасторы краіны.
У лютаўскім нумары чытайце інтэрв’ю галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова” Зоі Падліпскай з дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігарам Капыловым “Садзейнічаць міжнароднаму прэстыжу Рэспублікі Беларусь як незалежнай славянскай дзяржавы”.