Асабісты кабінет

Палажэнне аб конкурсе рэцэнзій на спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Я – тэатрал!”

  • 13 снежня 2019 16:01:20

ПАЛАЖЭННE

аб конкурсе рэцэнзій на спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Я – тэатрал!”

I. Агульныя палажэнні.

Конкурс рэцэнзій “Я – тэатрал!” (далей – конкурс), прымеркаваны да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, праводзіцца па ініцыятыве часопіса “Роднае слова” і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (далей – арганізатары). Конкурс скіраваны на далучэнне вучнёўскай моладзі (далей – канкурсанты) да гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі; папулярызацыю і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы; эстэтычнае выхаванне і развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў.

1.1. Задачы конкурсу:

– павышэнне цікавасці да дзейнасці і здабыткаў Купалаў­скага тэатра як захавальніка традыцый айчыннага тэатральнага мастацтва;

– пашырэнне ўвагі да сучаснага рэпертуару тэатра;

– садзейнічанне эмацыйна-асобаснаму ўспрыманню літаратурна-драматычных твораў;

– выяўленне і заахвочванне таленавітых канкурсантаў, фарміраванне матывацыі да актыўнай творчай дзейнасці.

1.2. Тэрміны правядзення конкурсу:

– пачатак конкурсу – 1 студзеня 2020 года;

– заканчэнне прыёму рэцэнзій – 1 кастрычніка 2020 года;

– падвядзенне вынікаў – кастрычнік – лістапад 2020 года.

ІІ. Удзельнікі конкурсу і ўмовы ўдзелу.

2.1. Удзельнікамі конкурсу могуць быць навучэнцы ІХ–ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы на конкурс дасылаюць самі ўдзельнікі або педагогі-кіраўнікі.

2.2. На конкурс прымаюцца раней не друкаваныя творчыя работы ў жанры тэатральнай рэцэнзіі (водгуку), напісаныя ўдзельнікамі на адзін са спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія складаюць рэпертуар 100-га тэатральнага сезона. Мова рэцэнзіі – беларуская. Аб’ём твора не павінен перавышаць 6 старонак друкаванага тэксту, або 12 тыс. друкаваных сімвалаў (з прабеламі).

2.3. Пажадана, каб тэкст рэцэнзіі быў надрукаваны ў рэдактары MSWord. Шрыфт Times New Roman, 14 кегль, інтэрвал 1,5. Параметры старонкі: справа – 10 мм, злева – 30 мм, зверху і знізу – па 20 мм.

2.4. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна падаць заяўку з наступнымі звесткамі:

– прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара (поўнасцю);

– назва рэцэнзіі (з пазначэннем спектакля);

– хатні адрас, электронны адрас, нумары тэлефонаў (хатні, мабільны) аўтара;

– назва навучальнай установы, клас або група, паштовы адрас, электронны адрас і тэлефон установы адукацыі

– прозвішча, імя, імя па бацьку кіраўніка (поўнасцю), пасада, кваліфікацыйная катэгорыя, нумары тэлефонаў (хатні, мабільны).

Заяўка завяраецца подпісам аўтара або аўтара і кіраў­ніка.

Сваёй заяўкай удзельнік пацвярджае аўтарства і згоду з умовамі правядзення конкурсу.

2.5. Заяўкі і рэцэнзіі з пазнакай “На конкурс” дасылаюцца (адным лістом) на электронны адрас часопіса “Роднае слова”: konkurs@rod-slova.by.

ІІІ. Парадак арганізацыі і правядзення конкурсу.

3.1. Журы фарміруюць арганізатары кон­курсу.

3.2. Ацэнка конкурсных рэцэнзій праводзіцца па наступных крытэрыях:

– жанрава-тэматычная адпаведнасць тэме конкурсу;

– сэнсавая цэласнасць, лагічнасць і арыгінальнасць тэксту;

– змястоўнасць і творчы падыход.

3.3. Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі, а таксама стануць удзельнікамі спецыяльнай экскурсіі па закуліссі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

3.4. Паведамленне пра час і месца правядзення ўзнагаро­джання ўдзельнікаў конкурсу ажыццяўляюць арганізатары.

3.5. Рэцэнзіі, дасланыя на конкурс, якія, на думку арганізатараў, уяўляюць творчую каштоўнасць, могуць быць змешчаны ў часопісе “Роднае слова” або на сайце выдання. Аўтарскія правы захоўваюцца за аўтарам.

3.6. Вынікі конкурсу будуць апублікаваны ў № 12 за 2020 г. часопіса “Роднае слова”.

IV. Дадатковыя ўмовы.

4.1. У Палажэнне могуць быць унесены змены, якія за­цвярджаюцца арганізатарамі.

4.2. Змены ў Палажэнні ўступаюць у сілу з моманту іх апублікавання ў часопісе “Роднае слова”.