Асабісты кабінет
  • Праглядаў: 226
  • 0

У ЛЮСТЭРКУ ЕДНАСЦІ 


Знакавыя даты з гісторыі айчыннай культуры моцна ўплываюць на зместавае аблічча “Роднага слова”. Яны задаюць камертон рэдакцыйнага “календара”: прыцягваюць увагу да імёнаў і падзей, падказваюць герояў новых публікацый, вызначаюць кола будучых аўтараў, акрэсліваюць тэматычныя акцэнты кожнага нумара і надаюць упэўненасці для гучных часопісных праектаў. 
Не стане выключэннем і гэты год, пазначаны 35-гадовай вяхой выхаду з друку першага нумара “Роднага слова”. 
Штогод у студзені мы найперш дзелімся планамі, анансуем прэм’ерныя рубрыкі, звяртаем чытацкую ўвагу на часопісны эксклюзіў. Усё гэта вы знойдзеце на старонках выдання і на гэты раз! Аднак няхай адметнасцю нумара стане яго… традыцыйнасць. Як адзнака выразнага фірмовага стылю, яго сакрэт – у працы не аднаго пакалення “роднасловаўцаў”. Як увасабленне і працяг стваральных задум першага галоўнага рэдактара часопіса Міхася Шавыркіна і яго паслядоўнікаў – Уладзіміра Куліковіча і Зоі Падліпскай. Як захаванне гісторыі выдання, багатай на славутыя імёны суайчыннікаў. Як знак увагі да нашых чытачоў, якія гэтую традыцыйнасць робяць жывой і надзённай. 
Спадзяёмся, святочны нумар застанецца пазнавальным для аўтараў грунтоўных манаграфій, якія шмат гадоў таму з хваляваннем чакалі часопіс са сваім першым артыкулам. А вопытны настаўнік, гартаючы яго старонкі, згадае поспех урокаў, натхнёных прачытаным у “Родным слове”. Магчыма, хтосьці з чытачоў дастане з паштовай скрыні першы ў гэтым годзе нумар і ўсміхнецца, успомніўшы, як у юнацтве шукаў патрэбны матэрыял у часопісным асобніку са школьнай бібліятэкі…
35 гадоў “Роднае слова” імкнецца быць для сваіх чытачоў і аўтараў асяродкам паплечніцтва – прафесійнага і творчага. Можа, невыпадкова ў віншавальных допісах ад дзеячаў беларускай навукі і культуры не толькі гучаць цёплыя словы, а яшчэ й вымалёўваецца пэўны “партрэт” выдання ў прасторы і часе. Партрэт або люстэрка, у якое карысна паглядзець і нам, сціплым супрацоўнікам часопіса. Не толькі каб прыхарашыцца, але і паправіць якуюсь пасмачку недасканаласці, што, бывае, выб’ецца з-пад нашай прыгожай вокладкі.


З павагай, Наталля ШАПРАН.